Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КААЛІЦЫЯ “5+”: УСЕ МАГЧЫМЫЯ АБ’ЯДНАНЬНІ ЎЖО АДБЫЛІСЯ


Юры Сьвірко, Менск

Лідэры кааліцыі “5+” і дэпутат Палаты прадстаўнікоў Валер Фралоў, якія нядаўна вярнуліся з Вашынгтону, на выніковай прэсавай канфэрэнцыі ў Менску заявілі, што яны з уласнай ініцыятывы не закраналі ў ЗША тэмы прыняцьця Кангрэсам Акту аб дэмакратыі ў Беларусі — пра неабходнасьць гэтага казалі самі амэрыканскія палітыкі. Яны таксама паведамілі беларускім апазыцыянэрам, што афіцыйны Менск нават спрабуе, як выказаўся старшыня АГП Анатоль Лябедзька, стварыць сваё лобі ў амэрыканскім Сэнаце, каб не дапусьціць прыняцьця Акту аб дэмакратыі ў Беларусі. Але кааліцыя “5+” спадзяецца, што гэты акт будзе прыняты яшчэ да парлямэнцкіх выбараў у Беларусі.

За гэты час “пяцёрка” зьбіраецца наведаць 300 розных населеных пунктаў Беларусі й распрацаваць пакет законапраектаў, што прадугледжваць падвышэньне заробкаў і пэнсіяў, спрыяньне прыватнаму бізнэсу, аднаўленьне падзелу ўладаў і міжнароднага аўтарытэту Беларусі, дэмакратызацыю выбарчага заканадаўства. Гэты пакет можа быць прадстаўлены нават у цяперашні склад Палаты прадстаўнікоў праз групу “Рэспубліка”. Хаця прадстаўнік гэтай групы Валер Фралоў нагадаў, што партыі, якія ўвайшлі ў “пяцёрку”, не падтрымалі ініцыятывы “рэспубліканцаў” пра збор 450 тысяч подпісаў у падтрымку зьменаў у Выбарчым кодэксе, ён заявіў:

(Фралоў: ) “Праз сваю палітычную наіўнасьць мы прынесьлі пагадненьне аб супрацоўніцтве, але “пяцёрка” палічыла, што мы мусім каардынавацца. Таму мы каардынуем сваю дзейнасьць як пэўная палітычная сіла, і я думаю, што гэтая каардынацыя будзе ўсё больш шчыльная — па меры таго, як будуць вырашацца сапраўды сур’ёзныя пытаньні”.

Спадар Фралоў заклікаў “5+” аб’яднацца з “двойкай”, то бок з Эўрапейскай кааліцыяй “Свабодная Беларусь”, куды ўваходзяць сацыял-дэмакраты Міколы Статкевіча й прадстаўнікі “Хартыі-97”. На думку генэрала Фралова, гэтыя кааліцыі-канкурэнты могуць распачаць бойку паміж сабой. Адказваючы на гэта, Анатоль Лябедзька заявіў, што “гэтай бойкі няма й не было”.

(Лябедзька: ) “У нас будзе толькі адна бойка — з адзіным сьпісам Аляксандра Лукашэнкі й з гэтым рэжымам”.

Спадар Лябедзька паведаміў, што, паводле некаторых зьвестак, 48 дэпутатаў цяперашняй Палаты прадстаўнікоў будуць пераабірацца пры падтрымцы Аляксандра Лукашэнкі, і адпаведны сьпіс ужо складзены.

Свой сьпіс кандыдатаў цягам дзевяці месяцаў складала й кааліцыя “5+”, але ён — ня догма, кажуць лідэры кааліцыі. Аднак старшыня партыі працы Аляксандар Бухвостаў сказаў, што аб’яданьне ўжо адбылося і далейшыя размовы толькі шкодзяць справе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG