Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ВІЦЕБСКІЯ ГАЛАДОЎНІКІ ЯШЧЭ НЕ ГАТОВЫЯ ВЫЙСЬЦІ НА ПРАЦУ

Браніслава Станкевіч, Віцебск

Крыты кірмаш “Мішэль”, дзе праходзіла галадоўка віцебскіх прадпрымальнікаў, дагэтуль зачынены для пакупнікоў. Бальшыня колішніх галадоўнікаў працуе менавіта тут, і прадпрымальнікі кажуць, што яны пакуль што ня ў стане ўвайсьці ў звычайны працоўны рытм.

(Спадарыня: ) “Мы ня выйшлі сёньня працаваць. У суботу скончылася галадоўка, і нам трэба крыху ачуняць. Прынамсі, паправіць сваё здароўе, свой арганізм. Ну, што ж… Пачынаем з аўсянае кашкі на вадзе. Будзем спадзявацца, што гэткае харчаваньне нам дапаможа хутчэй адысьці ад усяго, што было. Хаця, канечне, фізычна вельмі цяжка. Мы нават не ўяўлялі, што будзе так цяжка. Але, зь іншага боку, вельмі ўсьцешна, што мы змаглі, мы не дазволілі выціраць аб сябе ногі!”

Пасьля сустрэчы з прадстаўнікамі ўраду, якая прайшла ў мінулую суботу ў віцебскім гарвыканкаме, прадпрымальнікі атрымалі пэўную палёгку ў сваёй працы, бо ў рашэньні мясцовае вэртыкалі, зь якімі не пагаджаліся галадоўнікі, былі ўнесеныя пэўныя зьмены. У прыватнасьці, і на крытых кірмашах, і ў прыватных крамах будуць дзейнічаць ранейшыя, спрошчаныя правілы сэртыфікацыі тавару.

Прадпрымальнікі пагадзіліся з патрабаваньнем пра абавязковую наяўнасьць касавых апаратаў, але, падкрэсьліў адзін з кіраўнікоў прафсаюзу “Пэрспэктыва” Барыс Элькін, “толькі пасьля таго, як кірмашах ды ў гандлёвых павільёнах будуць створаныя належныя ўмовы дзеля іхнае устаноўкі ды эксплюатацыі”.

Спадар Элькін распавёў таксама, што ў часе перамоваў віцебскія прадпрымальнікі выказалі прадстаўнікам ураду шэраг прапановаў, якія, на іхную думку,паспрыяюць разьвіцьцю беларускага прыватнага бізнэсу.

(Элькін: ) “Мы выказалі прадстаўнікам ураду шэраг сваіх прапановаў. Пакуль што гэта толькі пытаньні, якія ня маюць адказаў, але прадстаўнікі ўраду іх запісалі. Мы лічым, што найлепш у нас было бы ўвесьці патэнтную сыстэму, як ва Ўкраіне. Каб прадпрымальнік, які ня мае адмысловае адукацыі, не пакутаваў бы над рознымі паперамі, каб сплаціць той ці іншы падатак альбо пералічыць грошы ў сацыяльны фонд. Чыноўнікі ж таксама разумеюць, што менавіта гэткія ўмовы, калі штогод усё мяняецца, і справакавалі ў Віцебску сацыяльны выбух”.

Прапановы прадпрымальнікаў прадстаўнікі ўраду паабяцалі разгледзець да 20 лютага. Калі да гэтага тэрміну прадпрымальнікі не атрымаюць пісьмовага адказу ды ня будуць запрошаныя ў Менск на чарговыя перамовы, прафсаюз “Пэрспэктыва” з 1 сакавіка будзе ініцыяваць у Віцебску бестэрміновы страйк.
XS
SM
MD
LG