Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“ХІМІЧНЫ ОЛЕК”


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава

“За трыста кілямэтраў ад мяжы з Польшчай, у Беларусі, можа быць разьмешчаная хімічная зброя. Нашыя рэпарцёры знайшлі таямнічыя сховішчы беларускага войска каля мястэчка Старыя Дарогі, а побач – выкарыстанае абмундзіраваньне каманды супрацьхімічнай абароны. Мы бачылі калёны грузавікоў, выгляд якіх занепакоіў нашых экспэртаў. А за 40 кілямэтраў ад Старых Дарог разьмешчаныя ракеты, якія могуць пераносіць хімічную зброю”, – так пачынаецца артыкул “Хімічны Олек” у сёньняшнім нумары часопісу “Wprost”.

Далей аўтары матэрыялу – дактарант польскай Акадэміі навук Ян Чурыловіч і Яраслаў Якімчык пішуць пра тое, як пры дапамозе беларускага журналіста Васіля Сямашкі ім удалося скантактавацца з былым жаўнерам войска КГБ Паўлам Шэгуновым.

Сямашка і Шэгуноў некалькі тыдняў запар назіралі за рухам вакол базы ў Старых Дарогах і фатаграфавалі канвоі, а таксама, наколькі гэта было магчыма зрабіць праз плот з калючым дротам, тое, што знаходзіцца на тэрыторыі базы. Там, як цьвердзяць беларускія ўлады, разьмешчаныя сховішчы бэнзыну.

Але, паводле адмыслоўцаў, звычайныя паліўныя рэзэрвуары не ахоўваюцца так пільна, да таго ж аналіз канвояў, якія прыяжджалі ў базу пад аховай гэлікоптэраў, дазваляе меркаваць, што на тэрыторыі базы можа знаходзіцца зусім ня паліва, а, прыкладам, надзвычай небясьпечныя хімікаты.

Побач з базай Сямашка і Шэгуноў знайшлі адмысловыя маскі і плашчы, што выкарыстоўваюць жаўнеры частак супрацьхімічнай абароны. Знаходкі былі пакрытыя шэра-блакітным налётам, які раздражняў сьлізістую абалонку вачэй, сьвярбеў у горле і носе. Экспэрты лічаць, што гэтае абмундзіраваньне магло быць ужытае ў часе ліквідацыі аварыйнага выцеку хімічных рэчываў.

Усё гэта, разам з пробамі зямлі і вады, Сямашка і Шыгуноў перадалі дзеля аналізу знаёмаму хіміку з Масквы. Але той празь месяц раптам адмовіўся ад усялякага супрацоўніцтва ў гэтай справе.

Праз тры тыдні пасьля вяртаньня са Старых Дарог, піша “Wprost”, Васіль Сямашка заўважыў, што за ім сочаць невядомыя, якія спрабавалі таксама нешта зрабіць зь ягоным аўтамабілем. А летась, раніцай 30 лістапада жонка Паўла Шыгунова знайшла яго павешанага ў кухні ўласнай кватэры.

Польскі тыднёвік піша, што рэжым Аляксандра Лукашэнкі, які добра вядомы сваімі сувязямі з гэтак званымі “бандыцкімі краінамі”, у тым ліку і тымі, якія маюць ці мелі хімічную зброю, дагэтуль ня быў падазраваны ў валоданьні ўласным арсэналам хімічнай зброі.

У 1995 годзе Беларусь, як і паўтары сотні іншых дзяржаваў, ратыфікавала канвэнцыю, якая цалкам забараняе вытворчасьць, выпрабаваньні і захоўваньне хімічнай зброі. Ад гэтага часу, у Беларусь некалькі разоў прыяжджалі адпаведныя інспэкцыі, але яны кантралявалі толькі месцы, вызначаныя беларускім бокам, напрыклад Наваполацкі “Палімір”.

Нагадаю, што адзін з аўтараў артыкулу “Хімічны Олек” – Ян Чурыловіч раней зьмясьціў у часопісе “Wprost” матэрыял пра нелегальны гандаль беларускіх уладаў зброяй з гэтак званымі “бандыцкімі краінамі”, а таксама сыстэму адмываньня брудных грошай, у тым ліку і на тэрыторыі Польшчы.

“Празь некалькі месяцаў пасьля публікацыі артыкулу, у спадара Чурыловіча ў нявысьветленых акалічнасьцях у Беларусі загінуў бацька”, – піша “Wprost”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG