Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЯГОР РЫБАКОЎ ЗВОЛЬНЕНЫ З ПАСАДЫ СТАРШЫНІ НАЦЫЯНАЛЬНАЙ ТЭЛЕРАДЫЁКАМПАНІІ


Уладзімер Глод, Менск

Згодна з афіцыйным паведамленьнем, расьсьледаваньне справы Ягора Рыбакова пачалося некалькі месяцаў таму. І яно пацьвердзіла наяўнасьць правапарушэньняў у дзейнасьці кіраўніка Дзяржтэлерадыёкампаніі. Менавіта так сфармуляваў пазыцыю генэральны пракурор Шэйман. Я зьвязаўся з прэсавай службай пракуратуры Рэспублікі Беларусь, спадзеючыся атрымаць там нейкія дадатковыя зьвесткі. Але добра вядомы многім кінарэжысэр Юры Азаронак, які там працуе, сказаў мне наступнае:

(Азаронак: ) “Даручэньняў ад генэральнага пракурора нейкім чынам пракамэнтаваць ягоную справаздачу ў мяне сёньня няма. Я думаю, што паведамленьні прэсавай службы пракуратуры зьявяцца пасьля выходных”.

Канечне, я хацеў таксама атрымаць і камэнтар самаго Рыбакова. Але ўсе спробы зьвязацца зь ім безвыніковыя. Таксама маўчыць і ягоны намесьнік Аляксандар Саламаха, які часова выконвае абавязкі старшыні Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі. Сакратарка ў прыёмным гэтых кіраўнікоў сказала, што цяпер я не знайду ні Рыбакова, ні Саламаху.

Паколькі ў афіцыйным паведамленьні сьцьвярджаецца, што з боку спадара Рыбакова былі супрацьпраўныя дзеяньні, я пацікавіўся ў шэрагу супрацоўнікаў тэлебачаньня, як цяперашніх, так і ранейшых, дзе найбольш спакусьлівыя зоны для парушэньня закону. Мне сказалі, што такіх сфэраў тры. Першая — бюджэтныя грошы ідуць на нейкую камэрцыйную структуру, якая робіць тэле- і відэапрадукцыю. Цэны завышаюцца, і робіцца так званы “адкат”. Другая — абсталяваньне купляецца па адных цэнах, а ў дакумэнтах прыводзяцца больш высокія. Трэцяя — рэкляма. Паводле адмыслоўцаў, цяпер у гэтай сфэры “круціцца” прыкладна 3 мільёны даляраў штогод.

Што да магчымых пераемнікаў Ягора Рыбакова, дык у гэтай якасьці ў Дзяржтэлерадыёкампаніі неафіцыйна гавораць пра Аляксандра Зімоўскага альбо Натальлю Пяткевіч.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG