Цяпер у Радзе Эўропы 45 сябраў, і, як кажа генэральны сакратар арганізацыі Вальтэр Швімэр, яна аб’ядноўвае ў сваіх шэрагах усе былыя камуністычныя краіны – за выключэньнем адной Беларусі – “у адзіную сям’ю эўрапейскіх дэмакратыяў”.
Тым ня менш, крытыкі часам зазначаюць, што некаторыя посткамуністычныя краіны былі прынятыя ў Раду Эўропы зарана. Пры гэтым прыводзяцца прыклады жорсткасьці Расеі падчас вайсковых дзеяньняў у Чачэніі, аўтарытарных тэндэнцыяў ва Ўкраіне, зьвязаных з парушэньнем свабоды слова і выбарчых законаў. А Азэрбайджан наагул сам прызнае, што мае палітычных вязьняў. Тым ня меней, гэтыя краіны застаюцца ў складзе арганізацыі. Генэральны сакратар Рады Эўропы адказвае крытыкам, што пэўныя складанасьці дапушчальныя для пераходных краінаў. Гаворыць Вальтэр Швімэр:
(Швімэр: ) “Мы павінны браць у разлік і ня можам ігнараваць, што гэтыя народы страцілі дзесяцігодзьдзі сваёй гісторыі. Яны не маглі разьвівацца нармальным шляхам, бо былі зьняволеныя камуністычным таталітарызмам. Такім чынам, пэўныя канфліты ў гэтых краінах могуць нагадваць тыя, што былі ў Заходняй Эўропе 70—80 гадоў таму”.
Вальтэр Швімэр мяркуе, што такім краінам болей чым санкцыі патрэбнае заахвочваньне. Усё залежыць ад таго, ці застаюцца яны на правільным кірунку і ці хочуць працягваць па ім свой шлях. Адносна Азэрбайджану спадар Швімэр кажа, што і тут цярплівы падыход Рады Эўропы паспрыяў вызваленьню 712 палітычных вязьняў. Праўда, у турмах там яшчэ застаюцца 53 такія вязьні, але спадар Швімэр спадзяецца, што і яны будуць неўзабаве вызваленыя.
(Швімэр: ) “Гэта сур’ёзная праблема, бо нават адзін палітычны вязень для краіны-сябра Рады Эўропы – гэта ўжо зашмат. Але мы павінны дэманстраваць, што можам рабіць розніцу ў падыходах нават адносна такіх нялёгкіх абставінаў, нават у краіне, якая да гэтага ня мела дэмакратычных традыцыяў”.
Вальтэр Швімэр лічыць найбольшым посьпехам Рады Эўропы за час свайго знаходжаньня на пасадзе генэральнага сакратара прыняцьце ў арганізацыю Сэрбіі і Чарнагорыі, былой Югаславіі, якая калісьці была пад уладай дыктатара Мілошавіча. Адзінай краінай кантынэнту па-за Радай Эўропы застаецца Беларусь.
Рада Эўропы была заснаваная ў 1949 годзе заходнеэўрапейскімі краінамі дзеля маніторыгу сытуацыі з выкананьнем правоў чалавека і дэмакратычных стандартаў. Пасьля падзеньня бэрлінскай сьцяны ў 1989 годзе арганізацыя прыняла ў свае шэрагі 21 новую краіну са складу былога камуністычнага блёку.