Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЫЛАЯ КІРАЎНІЦА СПРАВАЎ ПРЭЗЫДЭНТА ЛІЧЫЦЦА АРЫШТАВАНАЙ

Алег Грузьдзіловіч, Менск

Як паведаміў кіраўнік Цэнтру сувязяў з грамадзкасьцю КГБ Аляксандар Базанаў, сьледчыя КГБ абралі менавіта гэты шлях:

(Базанаў: ) “Яе статус зьмяніўся. Калі з 10-га чысла яна была проста затрыманая, то з 12-га з санкцыі пракуратуры яна ўзятая пад варту, на простай мове гэта арышт”.

Прадстаўнік КГБ па-ранейшаму не пацьвярджае зьвестак пра затрыманьне аднаго з двух сыноў Галіны Жураўковай. Між тым, у друку сьцьвярджаюць, што ўжо вядуцца допыты сына былой кіраўніцы справаў прэзыдэнта. Паколькі расьсьледаваньнем справаў падазраваных супрацоўнікаў Кіраўніцтва справаў прэзыдэнта займаюцца таксама сьледчыя Камітэту дзяржкантролю, я зьвярнуўся туды з пытаньнем, ці сапраўды вядуцца нейкія сьледчыя дзеяньні адносна сына Жураўковай. Аднак прэсавы сакратар Дзяржкантролю Якаў Аляксейчык заявіў, што ня мае такіх зьвестак.

Тым часам сваю пазыцыю адносна гэтых справаў ужо выявіў і Аляксандар Лукашэнка. На ўчорашняй нарадзе ён папярэдзіў найвышэйшых дзяржаўных чыноўнікаў: “Майце на ўвазе, адказнасьць, дысцыплінаванасьць і парадак — найважнейшыя патрабаваньні да сябраў ураду. Літасьці ня будзе нікому. У тым ліку і тым, хто называе сябе “людзьмі прэзыдэнта”. Таксама Аляксандар Лукашэнка адмыслова выказаўся на адрас сілавікоў. “Няма такіх сілавікоў, якія б маглі ўзяць верх над прэзыдэнтам”, — заявіў Аляксандар Лукашэнка на ўчорашняй нарадзе.

Адразу пасьля затрыманьня Галіны Жураўковай былым кіраўніком дзяржаўна-прававога ўпраўленьня адміністрацыі прэзыдэнта Аляксандрам Пласкавіцкім у інтэрвію Радыё Свабода была выказаная вэрсія, паводле якой арышт Жураўковай ёсьць сьведчаньнем таго, што “сілавікі” нібыта бяруць Аляксандра Лукашэнку ў аблогу.
XS
SM
MD
LG