Сярод апытаных мінакоў сустракаліся людзі, якія казалі, што мала цікавяцца палітыкай увогуле, а тым больш расейскай. Некаторыя чулі, прыгадвалі словы прэзыдэнта Расеі й не адмаўляліся іх абмеркаваць.
(Карэспандэнтка: ) “Падчас учорашняга перадвыбарчага выступленьня прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін, адказваючы на пытаньне, заявіў, што ня будзе прыкладаць ніякіх намаганьняў дзеля трэцяга прэзыдэнцкага тэрміну ў Расеі. Наколькі актуальная такая заява была бы з вуснаў прэзыдэнта Беларусі?”
(Юначка: ) “Вельмі актуальная, бо ў нас існуе гэтая праблема. На маю думку, наш прэзыдэнт ня мае права мяняць Канстытуцыю дзеля свайго прэзыдэнцкага тэрміну”.
(Спадар: ) “Паўсюль павінная быць ратацыя. Перакройваць закон пад нейкага чалавека — навошта тады было прымаць Канстытуцыю. Калі ў ёй гаворыцца пра два тэрміны, значыць, павінныя быць два”.
(Спадар: ) “Добры прэзыдэнт у нашай краіне. Хоць якая-ніякая, але стабільнасьць у нас ёсьць. Лепш дрэнная стабільнасьць, чым катаклізмы”.
(Спадар: ) “З тым, што сказаў Пуцін, згодны цалкам. Два тэрміны для прэзыдэнта дастаткова”.
(Спадарыня: ) “Калі бы наш прэзыдэнт так сказаў, то я лічыла бы яго сапраўдным прэзыдэнтам. Бо гэта вельмі важна, калі прэзыдэнт думае пра Канстытуцыю й зьяўляецца яе гарантам”.
Некаторыя суразмоўцы прызнаваліся, што ўвогуле нічога ня могуць сказаць адносна магчымасьці трэцяга прэзыдэнцкага тэрміну ў Беларусі й выказвалі супярэчлівыя меркаваньні.
(Карэспандэнтка: ) “Падчас учорашняга перадвыбарчага выступленьня прэзыдэнт Расеі заявіў, што ня будзе прыкладаць намаганьняў дзеля трэцяга прэзыдэнцкага тэрміну ў Расеі. Наколькі актуальная такая заява была бы для прэзыдэнта Беларусі?”
(Спадар: ) “Я нават ня ведаю, што пра гэта сказаць, бо ў палітыку ня лезу. Але ведаю, што каб нешта зьмяніць у краіне, напачатку трэба зьмяніць сябе”.
(Спадарыня: ) “Пэўна, такая заява была бы добрай для нас, але мне нешта ня верыцца, што яна можа прагучаць у Беларусі”.
(Спадар: ) “У Беларусі адзін бацька, адзін гаспадар. Што ён скажа, тое й будзе. А мы тут з вамі што б ні гаварылі, гэта ўсё — бла-бла-бла”.
(Спадар: ) “У нас Канстытуцыя якая ёсьць, такая й павінна быць, і ні пад ніякага там прэзыдэнта яе мяняць нельга”.
(Спадар: ) “Я лічу, што сёньняшняму прэзыдэнту альтэрнатывы ў нашай краіне няма”.
(Спадар: ) “Для Беларусі гэта вельмі актуальна, бо трэба зважаць на Канстытуцыю. Паводле Канстытуцыі, у нас два прэзыдэнцкія тэрміны па пяць гадоў. Але я баюся, што Лукашэнка пойдзе ўкраінскім шляхам: там Кучма хоча, каб абрацца на трэці тэрмін праз тое, каб яго выбіраў не народ, а парлямэнт. Што тычыцца Беларусі, то я супраць, каб Лукашэнка абіраўся на трэці тэрмін”.
Гэтак адказвалі людзі на вуліцах Менску на пытаньне пра актуальнасьць праблемы перагляду Канстытуцыі дзеля падаўжэньня прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў у Беларусі.