Пераважная большасьць апытаных мною людзей падтрымлівае патрабаваньні прыватных прадпрымальнікаў, хаця й ня ўсе.
(Хлопец: ) “Я станоўча стаўлюся да патрабаваньняў прадпрымальнікаў. Думаю, яны слушна зрабілі, што сёньня зачыніліся. Так яны могуць нешта зрабіць, але, магчыма, што ў іх нічога не атрымаецца”.
(Спадар: ) “Я іх падтрымліваю, бо, тое што адбываецца, мне здаецца, няправільна. Душаць людзей падаткамі. Каб зарэгістраваць фірму, трэба паўтара месяца. А ў іншых краінах Эўропы дзеля гэтага патрэбна 15 хвілінаў. Так што, прадпрымальнікі, я з вамі!”
(Хлопец: ) “Гэта слушнае рашэньне. Трэба адстойваць свае правы”.
(Карэспандэнт: ) “А вы як лічыце?”
(Хлопец: ) “Я таксама так лічу”.
(Спадар: ) “Можа быць, дзяржаве й лепей відаць. Трэба дзяржаве й прадпрымальнікам шукаць кансэнсусу, дамоўленасьці. Каб і ім было добра, і дзяржаве”.
(Спадарыня: ) “Я, напрыклад, нашаму Лукашэнку давяраю цалкам”.
(Дзяўчына: ) “Я ўвогуле не займаюся прадпрымальніцтвам, таму не магу сказаць — падтрымліваю ці не. Але мне вельмі шкада, што ў нас такія абставіны, калі людзі вымушаныя галадаць. Можа, гэта залежыць ад нашай дзяржавы, ад прэзыдэнта?”
(Спадар: ) “У цэлым я салідарны з прадпрымальнікамі і лічу, што ў нас адбываецца ўціск іх правоў. Тыя ж самыя падаткі, касавыя апараты. Такім чынам, спрабуюць выцягнуць у іх дадатковя грошы. Ніякага разьвіцьця й спрыяньня прадпрымальніцтва, пра якое гаворыць прэзыдэнт, не адчуваецца”.
(Спадарыня: ) “Я заўсёды падтрымліваю індывідуальных прадпрымальнікаў, бо сама 14 гадоў прадпрымальніца. Але від дзейнасьці ў мяне — “паслугі”, і мне прасьцей. Але я вельмі спачуваю тым, хто сам арганізоўвае справу, сам прывозіць тавар са стратай для здароўя, для сваіх сродкаў, а потым яшчэ вымушаны плаціць такія вялікія сродкі дзяржаве, якая ім нічым не дапамагала. Гэта крыўдна, калі ты ўклаў і сілы і сродкі, заплаціў падаткі, каб спаць спакойна, а зь цябе ўсё выкачваюць і выкачваюць. Гэта больш за ўсё раздражняе, і многія кідаюць сваю справу, бо ня хочуць быць у грамадзтве адрынутымі. А такое ўражаньне, што той хто сам хоча працаваць, той не патрэбны нашаму грамадзтву. Гэта вельмі крыўдна”.
(Спадар: ) “Я сам паводле адукацыі лекар і лекарам працую. І лічу, што калі рынкі зачыняць, гэта будзе ўжо апошні ўдар па кішэні і лекараў, і выкладчыкаў, і астатніх. Я лічу, што пасьля гэтага кошт тавараў падвысіцца ў два разы”.
Гэткія былі адказы менчукоў на пытаньне “Як вы ставіцеся да патрабаваньняў удзельнікаў страйку прадпрымальнікаў?”