Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ВІЦЕБСКІЯ ГАЛАДОЎНІКІ СПАДЗЯЮЦЦА, ШТО АГУЛЬНАБЕЛАРУСКІ СТРАЙК ВЫРАШЫЦЬ ІХНЫЯ ПРАБЛЕМЫ


Браніслава Станкевіч, Віцебск

У абласным цэнтры да ўдзелу ў страйку падрыхтаваліся ўладальнікі прыватных шапікаў, а таксама цягам трох гадзінаў — ад 15-й да 18-й — будуць спыненыя прыватныя маршрутныя таксоўкі. Страйк абвешчаны і на ўсіх кірмашах — на адкрытых і на закрытых. Зрэшты, віцебскія кірмашы і дагэтуль працавалі часткова, бо значная частка прадпрымальнікаў на знак салідарнасьці з галадоўнікамі спыніла працу ўжо колькі дзён таму.

Гэта, канечне, прынесла дадатковыя нязручнасьці жыхарам Віцебску, якім няма дзе купіць самыя неабходныя рэчы. Да прыкладу, удзельнікі галадоўкі, якая праходзіць у будынку кірмашу “Мішэль”, распавядаюць, што людзі прыходзілі да іх і па бялізну, і па абутак, і па дзіцячыя цацкі. Аднак, пачуўшы адмову ды тлумачэньні наконт акцыі пратэсту, ніхто з пакупнікоў не абураўся, затое амаль усе жадалі посьпехаў у барацьбе.

Пакуль што перамовы з уладамі вядуцца ці не штодня, аднак прапановы ўладаў пакуль што галадоўнікаў не задавальняюць. Яны нават кажуць, што ўлады цяпер штучна зацягваюць тэрміны перамоваў, адпаведна змушаючы галадоўнікаў праягваць акцыю. Як прыклад яны згадваюць нядаўні візыт кіраўніка абласное ўправы прадпрымальніцтва Валянціна Цьвяткова, які прапанаваў сустракацца з прадпрымальнікамі паасобку — асобна з прадстаўнікамі крытых кірмашоў, асобна з уладальнікамі маршрутных таксовак, асобна з гаспадарамі шапікаў ды гэтак далей. Перамовы, такім чынам, зацягнуліся амаль на тыдзень.

Учора да самага позьняга вечара прадпрымальнікі чакалі вынікаў паседжаньня Савету Міністраў, яны спадзяваліся, што рашэньні віцебскіх чыноўнікаў будуць адмененыя зьверху. Але гэтага не адбылося.

Сёньня віцебскія галадоўнікі таксама страйкуюць. Большасьць зь іх зьбіраецца ў будынку крытага кірмашу “Мішэль”, а некалькі дэлегатаў ужо скіраваліся ў Менск. Мяркуецца, што яны возьмуць там удзел у прэсавай канфэрэнцыі ды выступяць на кірмашы “Ждановічы”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG