Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЫЛОЙ КІРАЎНІЦЫ СПРАВАЎ ПРЭЗЫДЭНТА Г.ЖУРАЎКОВАЙ АБВІНАВАЧАНЬНЕ ВЫСТАВЯЦЬ ЦЯГАМ ТРОХ ДЗЁН


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Галіна Жураўкова была затрыманая ўвечары 10 лютага, але афіцыйна пацьвердзілі гэтыя зьвесткі ў КГБ Беларусі толькі празь дзень, 11 лютага. Гаворыць кіраўнік Цэнтру грамадзкіх сувязяў КГБ Аляксандар Базанаў:

(Базанаў: ) “У адпаведнасьці з артыкулам 108 Крымінальна-працэсуальнага кодэксу паводле падазрэньняў у злоўжываньні службовым становішчам затрыманая і зьмешчаная ў ізалятар КГБ Жураўкова Галіна Анісімаўна”.

Пры гэтым ён удакладніў, што Галіна Жураўкова пакуль не арыштаваная, а толькі затрыманая. Абвінавачаньне ёй мусяць выставіць цягам трох дзён. Ужо вядуцца допыты, але ці прызнае яна сябе вінаватай, Аляксандру Базанаву невядома.

Дарэчы, прэсавы сакратар не пацьвердзіў зьвестак пра тое, нібыта разам з Галінай Жураўковай быў затрыманы адзін зь яе двух сыноў. Таксама ён паведаміў , што сьледчыя КГБ і Камітэту дзяржкантролю працягваюць расьсьледаваньні справаў адносна некаторых службовых асобаў кіраўніцтва справаў прэзыдэнта і падпарадкаваных яму арганізацыяў. Аляксандар Базанаў ня выключыў, што ў межах гэтых расьсьледаваньняў будуць праведзеныя новыя затрыманьні падазраваных.

Як раней паведамлялася, расьсьледаваньні вядуцца супраць кіраўнікоў фірмы “Белая Русь”, якая падпарадкаваная кіраўніцтву справаў прэзыдэнта. Два гады таму праз гэтую фірму была прададзеная за мяжу нафта, але заробленыя 2 мільёны 200 тысяч даляраў на рахунак не вярнуліся. Паводле сьледзтва, вінаваты ў гэтым намесьнік кіраўніка “Белай Русі” Аляксандар Мурашка, а кіраўнік фірмы Віктар Асіпенка і начальнік аддзелу нафтапрадуктаў Сяргей Сьцяпанаў падазраюцца ў спрыяньні злачынцы. Цяпер сьледчыя КГБ і Камітэту дзяржкантролю нібыта маюць падставы падазраваць у датычнасьці да гэтага злачынства і Галіну Жураўкову.

Гэта ня першы скандал вакол камэрцыйнай дзейнасьці кіраўніцтва справаў прэзыдэнта. У сярэдзіне 1990-х гадоў, калі гэтую структуру ўзначальваў Іван Ціцянкоў, грымелі скандалы вакол фірмаў “Торгэкспа”, фонду Махмуда Эсамбаева ды іншых, празь якія кіраўніцтва справаў рабіла розныя гандлёвыя махінацыі. Здавалася, што той досьвед будзе ўлічаны новым кіраўцтвам, але Галіна Жураўкова таксама разгарнула рызыкоўную камэрцыйную дзейнасьць. Былы прэм’ер-міністар Міхаіл Чыгір лічыць, што ў выніку яе затрыманьне зрабілася непазьбежным.

(Чыгір: ) “Кіраўніцтва справаў ствараецца ня дзеля бізнэсу, у яго зусім іншыя функцыі. Мусяць быць розныя фірмы і змагацца за тое, каб у іх тавары былі таньней, лепей. Прычым тут кіраўніцтва справаў? Але калі прынятае такое рашэньне, што кіраўніцтва справаў будзе займацца бізнэсам, ня будзе канкурэнцыі, то вядома, чым гэта скончыцца — хабарам і турмой”.

Міхаіл Чыгір заўважыў, што калі кіраўніцтва справаў прэзыдэнта на чале з Галінай Жураўковай манапалізавала пастаўкі рыбы ў Беларусь, гэта прывяло да павелічэньня коштаў на рыбу. Паводле былога прэм’ера, крымінал можа быць знойдзены і ў іншых сфэрах бізнэсу, якім займаецца кіраўніцтва справаў.

Былы міністар сельскай гаспадаркі Васіль Лявонаў лічыць затрыманьне Галіны Жураўковай сьведчаньнем абвастрэньня канфліктаў у вышэйшым кіраўніцтве краіны. “Калі ёсьць нейкая групоўка, дык рана ці позна ў ёй пачынаюцца свары. Я не зьдзіўлюся, калі дойдзе і да страляніны аднаго па другім”, — сказаў радыё “Свабода” Васіль Лявонаў. Пры гэтым ён не выключае, што Галіну Жураўкову могуць хутка і выпусьціць.

(Лявонаў: ) “Можа быць і так, што пагандлюцца і выпусьцяць. У нас, вы ведаеце, усё магчыма”.

Але пакуль Галіна Жураўкова знаходзіцца ў сьледчым ізалятары КГБ “амэрыканка”, куды трапляюць толькі найбольш уплывовыя асобы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG