Цэнтральны суд Менску 4 красавіка мінулага году пакараў Аксану Новікаву за абразу прэзыдэнта. Аксана Новікава 17 кастрычніка 2002 году на Кастрычніцкім пляцы раздавала ўлёткі, у якіх сьцьвярджалася, што Аляксандар Лукашэнка і кіраўнікі сілавых ведамстваў мелі дачыненьне да выкраданьня людзей. Суд не выклікаў ніводнага сьведкі, якіх прапанавала абарона, і пакараў Аксану Новікаву за абразу прэзыдэнта двума гадамі пазбаўленьня волі з адтэрміноўкай на два гады.
Аксана Новікава, нягледзячы на пакараньне, і далей удзельнічала ў вулічных апазыцыйных акцыях. Двойчы яна самастойна правяла пікеты і за гэта панесла адміністрацыйную адказнасьць. За парушэньні Адміністрацыйнага кодэксу Аксану маглі накіраваць адбываць пакараньне ў жаночую калёнію, але чыноўнікі ўлічылі тое, што яна мае маленькае дзіця і ўжылі для маладой маці амністыю. Гаворыць Аксана Новікава:
(Новікава: ) “Я вельмі рада, што мяне амніставалі. Я і раней, нягледзячы на крымінальнае пакараньне, выходзіла на вуліцы. Буду выходзіць зноў і зноў, але цяпер я ня буду баяцца, што мяне чакае рэальнае пазбаўленьне волі. Спадзяюся, што людзі бачылі, як я прайшла ўсе гэтыя выпрабаваньні, і будуць больш актыўна ўдзельнічаць у вулічных акцыях”.
Паводле закону, Аксана Новікава вызваленая ад адбыцьця пакараньня. Цяпер за ёй лічацца толькі парушэньні Адміністрацыйнага кодэксу. У выпадку затрыманьня на вулічнай акцыі суд будзе разглядаць справу паводле 167 артыкулу як паўторнае парушэньне. За гэта прадугледжаныя пакараньні штрафамі максымальных памераў. Паводле апошніх прысудаў, Аксана мусіць заплаціць 7 мільёнаў 875 тысяч рублёў (гэта каля 3500 даляраў).