Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦІ ПАТРЭБНЫЯ Ў КАЛЕКТЫВЕ ШТАТНЫЯ ІДЭОЛЯГІ?

Ганна Соусь, Менск

У часе ўчорашняй нарады Аляксандар Лукашэнка паведаміў пра тое, што падрыхтаваны праект указу “Аб удасканаленьні кадравага забесьпячэньня ідэалягічнай працы ў Беларусі”. Паводле гэтага праекту, ва ўсіх калектывах павінны зьявіцца пасады адказных за ідэалягічную працу. Я пацікавілася меркаваньнімі людзей што да ўвядзеньня штатных ідэолягаў у калектывах.

(Карэспандэнтка: ) “Скажыце, калі ласка, як вы мяркуеце, ці патрэбен у калектыве штатны ідэоляг?”

(Спадар: ) “Неабавязкова”.

(Спадарыня: ) “Патрэбен у калектыве, я лічу. Кожны чалавек павінен да чагосьці імкнуцца. Патрэбная нейкая мара, мэта, і яе павінен нехта даваць. Няхай гэта будзе ідэоляг”.

(Спадар: ) “Штатны ідэоляг? Лічу, што ў нашым калектыве ён не патрэбны. Я працую ў прыватнай будаўнічай фірме. Нам ён не патрэбны”.

(Спадарыня: ) “У нас вельмі горкі досьвед з савецкага часу наконт ідэалёгіі. На маю думку, крычаць пра ідэалёгію час адышоў. Цяпер трэба крычаць пра дэмакратыю”.

(Спадарыня: ) “Агітаваць дарослага чалавека… На працоўным месцы трэба працаваць, а не займацца ідэалёгіяй”.

(Спадар: ) “Не, канечне. Ідыятызм. Гэта вяртаньне да камунізму. Мы гаворым “не”.

(Спадар: ) “А навошта? Дзеля таго, каб тлумачыць людзям памылкі нашага кіраўніцтва?”

(Спадар: ) “Гледзячы што ён будзе казаць, якія ідэі несьці ў калектыў. Гэтага чалавека, напэўна, павінен выбіраць калектыў”.

(Спадар: ) “Навязваньне людзям нейкай ідэалёгіі ніколі не вітаецца. Мы гэта ўжо праходзілі, і ня думаю, што другі раз прамыўка мазгоў нешта дасьць”.

(Спадарыня: ) “Я лічу, што ён, напэўна, патрэбны. Ён можа накіроўваць дзяцей на правільныя думкі, дапамагаць ім у вырашэньні праблемаў, зьвяртаць іх увагу на праблемы радзімы”.

(Спадарыня: ) “Мне падаецца, што мала ў нас у калектывах вядзецца ідэалягічнай працы. Таму, калі будзе штатная адзінка, то будзе добра. У нас у калектыве ладзяцца палітінфармацыі. Я лічу, што гэта вельмі добра”.

(Спадар: ) “Я лічу, што гэта будзе лішняя адзінка. Яму ня будзе чым заняцца. Цяпер жа скарачэньні паўсюль, і ўводзіць яшчэ адну адзінку, я лічу, ня трэба”.

(Спадарыня: ) “Я ўвогуле лічу, што ідэалёгія не патрэбная”.

(Карэспандэнтка: ) “Ці гатовыя вы аплачваць працу штатнага ідэоляга?”

(Спадар: ) “Са сваёй кішэні — не”.

(Спадар: ) “У сувязі з апошнімі павевамі нашых ўладаў, калі яны лічаць, што ён патрэбны, то няхай дзяржава бярэ на сябе аплату ідэолягаў”.

(Спадарыня: ) “Чаму людзі, у якіх і гэтак маленькія заробкі, павінны аплачваць гэта, да таго ж ты, можа, і не падтрымліваеш нейкіх момантаў у гэтай ідэалёгіі. Нашто ты мусіш аплачваць?”

(Спадарыня: ) “Я працую ў Саўміне, у нас гэта ёсьць. Калі б я працавала ў прыватнай кампаніі і з маёй кішэні аплачвалі яго працу, то мне непатрэбна было б, каб за мае ж грошы мяне схілялі ў нейкі бок”.

(Спадар: ) “Прымусяць”.

(Спадар: ) “Так, гатовы, калі гэта будзе сапраўды кампэтэнтны супрацоўнік, які будзе разьвіваць прадпрыемства”.

(Спадар: ) “Зразумела, неабходна аплачваць любую працу”.

(Спадарыня: ) “Я б не аплачвала працу гэтага чалавека, таму што ён зусім непатрэбны. Мне здаецца, што людзям патрэбнае духоўнае жыцьцё, рэлігія, Бог. Гэта перажытак савецкага мінулага. Мне здаецца, што вяртаньне гэтага мінулага нічога добрага з сабой не нясе”.
XS
SM
MD
LG