Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АДМІНІСТРАЦЫЯ БУША ПРАПАНАВАЛА ПЛЯН ДЭМАКРАТЫЗАЦЫІ НА БЛІЗКІМ УСХОДЗЕ

Валер Каліноўскі, Прага

Адміністрацыя прэзыдэнта ЗША Джорджа Буша, моцна жадаючы добрых навінаў з Блізкага Усходу, абвясьціла свой новы прыярытэт ў перакананьні аўтарытарных арабскіх урадаў пайсьці на палітычныя і эканамічныя пераўтварэньні. Пра гэты плян, ужо названы Вялікай блізкаўсходняй ініцыятывай, учора напісала газэта “Washington Post”. Афіцыйна пра яго паведамяць падчас міжнароднага эканамічнага саміта ў ЗША ў чэрвені.

Паводле “Washington Post”, гэты плян прадугледжвае пашырэньне палітычнага дыялёгу з арабскімі краінамі, павелічэньне эканамічнай падтрымкі, дапамогу ў іх далучэньні да Сусьветнай гандлёвай арганізацыі. Ідзе таксама размова пра дамовы аб вольным гандлі з ЗША, якія напрыклад, ужо маюць Бахрэйн і Ярданія, а таксама пра супрацоўніцтва ў галіне бясьпекі, і ў прыватнасьці пра пашырэньне праграмы НАТО “Партнэрства дзеля міру” на арабскія краіны.

Прэсавы сакратар Дзярждэпартамэнту ЗША Рычард Баўчэр зазначыў, што гэтыя плян мае пэўную прывязку да Гельсынскага пакту 1975 году, падпісанага 35 краінамі, улучна са Злучанымі Штатамі, СССР і большасьцю краінаў Эўропы. Ключавую ролю ў Гельсынскіх пагадненьнях адыгрывала тэма выкананьня правоў чалавека, што давала Вашынгтону падставы для выказваньняў у абарону дысыдэнцкіх групаў у камуністычных краінах і патрабаваньня большых свабодаў.

Баўчэр ўчора заявіў на брыфінгу, што краіны Блізкага Ўсходу больш падрыхтаваныя да дэмакратычных пераўтварэньняў, чым былыя краіны савецкага блёку у той час:

(Баўчэр: ) “Ёсьць шмат рэчаў: выбары, юрыдычныя рэформы, дэмакратычныя пераўтварэньні, рост грамадзянскай супольнасьці,– якія ўжо ажыцьцяўляюцца ў гэтым рэгіёне. Мэта ў тым, каб вызначыцца, як мы можам дапамагчы ў гэтым. На жаль, няма аналягічнай Гельсынскай дамове, няма такіх дзеяньняў, якія рабіла “Салідарнасьць” у Польшчы. Аднак цяпер мы будзем прыкладаць намаганьні да падтрымкі рэформаў і руху наперад у гэтым рэгіёне. І мы хочам быць здольнымі на гэта”.

Прадстаўнікі амэрыканскіх уладаў кажуць, што яны пачалі ўжо перамовы са сваімі эўрапейскімі саюзнікамі з мэтай іх падтрымкі ў рэалізацыі гэтага пляна.

Аднак ў ініцыятывы адразу знайшліся крытыкі, якія лічаць малаверагоднымі рэформы на загад аўтарытарных арабскіх рэжымаў і сумняюцца ў тым, што ЗША здольныя выканаць пастаўленую перад сабой задачу. Тым ня менш, адміністрацыя Буша прагназавала, што вайна і паваенныя пераўтварэньні ў Іраку могуць спрычыніцца да хвалі дэмакратычных рэформаў па ўсім рэгіёне Блізкага Усходу. Гэта й было ключавой прычынай зьвяржэньня Садама Хусэйна.
XS
SM
MD
LG