Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЗВЫНІКОВА СКОНЧЫЎСЯ ВІЗЫТ У МАСКВУ ПРЭМ’ЕР-МІНІСТРА БЕЛАРУСІ СЯРГЕЯ СІДОРСКАГА


Віктар Дзятліковіч, Масква

Адразу пасьля зьяўленьня ў Маскве, прэм’ер-міністар Беларусі Сяргей Сідорскі правёў перамовы з кіраўніком расейскага ўраду Міхаілам Касьянавым. Галоўнай тэмай былі пастаўкі расейскага газу ў Беларусь. І ў выніку Сяргей Сідорскі заявіў: “Мы знайшлі паразуменьне па гэтым пытаньні”. Але пазьней Міхаіл Касьянаў фактычна зьняпраўдзіў словы свайго беларускага калегі. “Мы не дасягнулі ніякіх канкрэтных дамоўленасьцяў у пытаньнях супрацоўніцтва ў газавай сфэры”, – адзначыў кіраўнік расейскага ўраду. Паводле Касьянава, "Газпром" па-ранейшаму ня будзе пастаўляць газ у Беларусь. І зьвязана гэта найперш з тым, што бакі ня могуць дамовіцца аб умовах прыватызацыі канцэрну “Белтрансгаз”. Міхаіл Касьянаў заявіў: “Праца па стварэньні сумеснага газатранспартнага прадпрыемства вядзецца, і гэтая праца ідзе ня так інтэнсіўна, як мы дамаўляліся. Гэты працэс замаруджваецца”. У прэс-службе “Газпрому” карэспандэнту радыё “Свабода” пацьвердзілі, што ўзнаўленьня паставак газу не адбылося.

Між тым, для Беларусі сытуацыя становіцца ўсё больш крызіснай. Сёньня стала вядома, што “Ітэра” – адзіная кампанія, якая пастаўляе газ у Беларусь, зь вясны можа узвысіць кошты. Зараз “Ітэра” атрымлівае ад Беларусі амаль 47 даляраў за тысячу кубамэтраў. Аднак прэс-сакратар расейскай кампаніі Яўген Астапаў заявіў Радыё Свабода, што “Ітэра” адна ня здольная забясьпечыць усе патрэбнасьці Беларусі. Каб працягваць пастаўкі, яна вымушаная будзе купляць газ у іншых расейскіх кампаніяў. Гэта падвысіць ягоны кошт. Афіцыйныя асобы не называюць, да якога узроўню вырасьце кошт на газ, але ананімны прадстаўнік “Ітэры” заявіў, што ён будзе каштаваць болей за 50 даляраў за тысячу кубамэтраў.

Экспэрты лічаць, што “Ітэра” дзейнічае па ўказаньні расейскіх уладаў, якія ўзмацняюць ціск на Беларусь. Кіраўнік аналітычнага аддзелу фінансавай кампаніі “Брокеркрэдытсэрвіс” Максім Шэін так пракамэнтаваў гэтую сытуацыю: “У рэшце рэшт Лукашэнку нічога не застанецца рабіць, як дамовіцца з “Газпромам” аб пастаўках газу і прыватызацыі “Белтрансгазу” на расейскіх умовах”.

Сёньня ж у Маскве адбылося і паседжаньне Рады Міністраў саюзнае дзяржавы, дзе абмяркоўвалася ўвядзеньне адзінае валюты. Міхаіл Касьянаў заявіў, што і ў гэтым пытаньні бакі не прасунуліся наперад. Кіраўнік расейскага ўраду лічыць, што магчымасьць увядзеньня адзінае валюты з 2005 году застаецца, але для гэтага, трэба “прынцыповае палітычнае рашэньне беларускага кіраўніцтва”.

Зараз беларускі ўрад настойвае, каб Расея кампэнсавала страты, якія Беларусь панясе пасьля ўвядзеньня адзінай валюты. Найперш гэта тычыцца збору падаткаў мы мытных пошлінаў. Акрамя таго, беларускі бок ня страціў надзеі дамагчыся права эмісіі расейскіх рублёў. На сёньняшнім паседжаньні Міхаіл Касьянаў не пагадзіўся з патрабаваньнямі беларускай дэлегацыі, і бакі разышліся ні з чым.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG