“Мяркуецца, што ўсе краіны СНД захаваюць свой сувэрэнітэт, – піша расейскі адмысловец і працягвае – выключэньнем можа стаць толькі Беларусь пасьля сыходу прэзыдэнта Лукашэнкі”.
(Дракахруст: ) “Сп. Трэнін, чаму Вы лічыце, што пагроза страты беларускай незалежнасьці ўзьнікне менавіта з сыходам Аляксандра Лукашэнкі? Менавіта пры ім беларуска-расейскія адносіны сталі як ніколі шчыльнымі, апанэнты кіраўніка дзяржавы значна больш стрымана ставяцца да інэграцыі з усходнім суседам. Адкуль жа такі прагноз?”
(Трэнін: ) “Я мяркую, што пакуль Лукашэнка зьяўляецца прэзыдэнтам Беларусі, ён ня будзе зьліваць Беларусь з Расеяй, ён будзе імкнуцца заставацца паўнаўладным гаспадаром беларускай дзяржавы. І я ня бачу прычынаў, паводле якіх ён мог бы добраахвотна сысьці з гэтай пасады дзеля ідэі аб'яднаньня роднасных дзяржаваў. Але калі прэзыдэнт Лукашэнка сыйдзе з палітычнай сцэны, у Беларусі можа ўзьнікнуць палітычны вакуум. Я ня ўпэўнены, што беларуская незалежнасьць зможа перажыць сыход Лукашэнкі. Я мяркую, што будуць даволі сур’ёзныя сілы і ў Расеі, і ў Беларусі, якія вырашаць, што наступіў зручны момант, каб вырашыць свае перш за ўсё эканамічныя задачы шляхам простага далучэньня Беларусі да Расеі. Пакуль Лукашэнка знаходзіцца на менскім троне, такая верагоднасьць мінімальная. Што б ён ні казаў, ён ня будзе весьці Беларусь у Расейскую Фэдэрацыю. Калі Лукашэнка сыдзе, такая магчымасьць узьнікне. Ці будзе яна рэалізаваная – гэта іншае пытаньне”.
(Дракахруст: ) “Сп. Трэнін, я хачу прыгадаць, што ў 2002 годзе, калі Ўладзімер Пуцін агучыў прапанову пра далучэньне Беларусі да Расеі, адказам усёй беларускай эліты было салідарнае “не”. Ня спраўдзіліся спадзевы некаторых расейскіх экспэртаў на зьяўленьне ў Беларусі ўплывовай “рускай партыі”. Хто ж у Беларусі, якая палітычная плынь можа пасьля Лукашэнкі падтрымаць далучэньне краіны да Расеі?”
(Трэнін: ) “Я ня думаю, што размова ідзе пра плыні палітычнай думкі. Я мяркую, што размова пойдзе пра канкрэтныя эканамічныя інтарэсы. Беларусь сёньня – гэта дзяржава, дзе эканоміка знаходзіцца ў рукох ураду. Пасьля сыходу прэзыдэнта Лукашэнкі ўзьнікне праблема прыватызацыі. І тут я не выключаю, што інтарэсы расейскага капіталу і інтарэсы дырэктараў беларускіх прадпрыемстваў, ці шырэй – беларускай намэнклятуры, супадуць і прывядуць да ўваходжаньня Беларусі ў Расею. Гэта стане палітычнай рамкай прыватызацыі. Расейскі капітал і беларуская намэнклятура могуць вырашыць, што найбольш удалым шляхам спалучэньня іх эканамічных інтарэсаў можа стаць уваходжаньне Беларусі ў Расею”.
(Дракахруст: ) “Цяперашні газавы крызіс у беларуска-расейскіх адносінах – наколькі ён адпавядае той лініі, якая паводле Вас, стане дамінуючай у расейскай палітыцы пасьля пераабраньня Пуціна?”
(Трэнін: ) “Новая палітыка Масквы тут праяўляецца даволі відавочна. Размова ідзе не пра інтэграцыю дзеля інтэграцыі, а пра жорсткае прасоўваньне расейскіх эканамічных інтарэсаў па ўсім пэрымэтры расейскай мяжы. І Беларусь – прыклад, пляцоўка, дзе Расея абараняе свае эканамічныя інтарэсы, інтарэсы расейскага капіталу”.
(Дракахруст: ) “Сп. Трэнін, Вы пішаце, што інструмэнтам рэалізацыі крамлёўскага “праэкту СНД” стане “прасоўваньне ў суседніх краінах групаў уплыву, арыентаваных на Маскву, і аслабленьне і нэўтралізацыя празаходніх колаў”. Беларускія палітыкі нацыянальнай арыентацыі гавораць, што інтэграцыя з Расеяй і з Эўразьвязам – нясумяшчальныя. Гледзячы па Вашых развагах, гэтае меркаваньне падзяляюць і ў Крамлі. І з пункту погляду Крамля, стасункі з Эўропай і ЗША ў суседніх краінах робяцца “гульнёй з нулявой сумаю”: што выйграе Захад, прайграе Расея, і наадварот?”
(Трэнін: ) “Я ня думаю, што гэта будзе сказана адкрыта і дакладна, але я лічу, што краіны СНД, і перш за ўсё тыя, што знаходзяцца паміж Расеяй і аб'яднанай Эўропай – гэтыя краіны стануць аб'ектамі канкурэнтнай барацьбы, суперніцтва паміж Расеяй і Эўразьвязам. Расея, безумоўна, будзе асэнсоўваць важнасьць Эўропы як эканамічнага і палітычнага партнэра. Адносіны Расеі і аб'яднанай Эўропы наўрад ці стануць канфрантацыйнымі, і Расея будзе імкнуцца да мінімальнай сумяшчальнасьці з Эўропай. Але ў гэтых межах Расея будзе імкнуцца да таго, каб краіны СНД, перш за ўсё Беларусь і Ўкраіна, эканамічна і палітычна арыентаваліся ўсё ж на Маскву, а не на Брусэль. Што тычыцца гуманітарных праектаў, то тут пэрспэктывы канкурэнцыі мінімальныя. У іншых сфэрах канкурэнцыя будзе праяўляцца больш акрэсьлена – адзіная эканамічная прастора, на мой погляд, зьяўляецца альтэрнатывай асацыяцыі з Эўразьвязам. А ў чымсьці тут сапраўды будзе "гульня з нулявой сумай", калі размова пойдзе, скажам, пра далучэньне не Беларусі, а Ўкраіны да НАТА. Тут існуе пэўная градацыя”.