Акцыю падтрымала мясцовая арганізацыя аўстрыйскай партыі зялёных, якая, сярод іншага, пашыла сваім коштам некалькі бел-чырвона-белых сьцягоў ды зьвярнулася да ўладаў па дазвол на пікет. Удзельнікі пікету трымалі плякаты, беларускія сьцягі, а таксама раздавалі мінакам улёткі. Гаворыць арганізатар акцыі, палітычны ўцякач зь Беларусі Андрусь Клён.
(Клён: ) “У гэтых улётках было напісана пра цяперашнюю палітычную сытуацыю ў Беларусі, пра рэжым, які стварае Аляксандар Лукашэнка. Мы трымалі таксама плякаты, зь лёзунгамі “Не прызнаем дамову аб стварэньні саюзнай дзяржавы”, “Лукашэнка – маскоўскі халуй”, “Незалежнасьць Беларусі – галоўная задача” і гэтак далей. Перад гэтым я паезьдзіў па гарадох зямлі, дзе знаходзіцца горад Брэгенц, і раздаў амаль дзьве тысячы ўлётак. На акцыі было цэнтральнае аўстрыйскае тэлебачаньне. Потым увечары быў пра наш пікет матэрыял”.
Як паведаміў радыё “Свабода” Андрусь Клён, аўстрыйцы даволі актыўна цікавіліся інфармацыяй, якую прапаноўвалі пікетоўцы. У найбліжэйшы час беларусы, што жывуць у Аўстрыі, плянуюць наладзіць акцыю пратэсту каля беларускай амбасады ў Вене.