Ня ўсе апытаныя мінакі пагадзіліся адказаць на гэтае пытаньне — сказалі, што гэта складана. Тыя ж, хто не адмовіўся паразважаць на гэтую тэму, выказваліся пераважна на карысьць падвышэньня заробкаў.
(Карэспандэнтка: ) “Што лепш: падвысіць заробкі альбо зьнізіць кошты?”
(Спадар: ) “Ну, я думаю, што заробак мусіць падвысіцца, а кошты няхай застаюцца. Галоўнае, каб я мог працаваць і зарабляць грошы”.
(Юначка: ) “Я лічу, што ўзровень жыцьця ў нас ня надта высокі, таму трэба спачатку падвысіць заробак, а потым думаць пра ўсё астатняе”.
(Карэспандэнтка: ) “Вы за што — зьнізіць кошты ці падвысіць заробкі?”
(Спадар: ) “За падвышэньне заробку, канечне. Калі грошы блізка каля сэрца — неяк лепш”.
(Спадар: ) “Я за тое, каб падвысілі заробак. Будуць грошы — будзем купляць за тыя кошты, якія цяпер ёсьць у крамах, і ня будзе ніякіх праблемаў”.
(Спадарыня: ) “Канечне, кожны чалавек адразу выкажацца за зьніжэньне коштаў. Але наколькі гэта будзе апраўдана, наколькі гэта будзе карысна дзяржаве, я нават ня ведаю. Вельмі складана сказаць”.
(Спадар: ) “Канечне, добра, каб зьнізіць кошты на тавары й паслугі ды падвысіць заробкі. Але гэта з галіны фантастыкі: зрабіць адно бязь іншага немагчыма, яно вынікае адно з другога”.
(Карэспандэнтка: ) “Што лепш: зьнізіць кошты ці падвысіць заробкі?”
(Юначка: ) “Напэўна, лепш падвысіць заробкі, але гэта залежыць ад эканамічнага стану нашай краіны. Усё гэта ўзаемазьвязана, адно без другога аніяк”.
(Спадарыня: ) “Можа, так і так патрэбна, бо людзі жывуць у вялікай галечы. Працуеш, працуеш усё жыцьцё й нічога ня маеш”.
(Спадарыня: ) “Патрэбна заробак плаціць гэтакі, колькі працуем і колькі зарабляем — вось і ўсё. А астатняе ўсталюецца”.
Гэткія былі адказы мінакоў на пытаньне “Што ёсьць найважнейшым складнікам падвышэньня ўзроўню жыцьця — зьніжэньне коштаў альбо падвышэньне заробку?”