У ім гаворыцца пра тое, што цягам апошняга месяцу “Віцебскі кур’ер” беспасьпяхова спрабаваў заключыць дамову зь дзяржаўнай агенцыяй “БелТА”, якой перададзеныя ўсе правы на распаўсюд праграмаў тэлеперадачаў каналаў БТ, НТВ, ТНТ, “Лад” ,“СТВ”, ОНТ і “Расея”.
Доўгі час звароты недзяржаўнае газэты ігнараваліся, а ў атрыманым заўчора лісьце быў пазначаны кошт тэлепраграмы гэтых каналаў на гэты месяц — 5 мільёнаў 25 тысяч беларускіх рублёў . Раней рэдакцыя плаціла за тыя самыя паслугі каля 100 тысяч рублёў, і гэтая сума дагэтуль амаль не зьмянілася дзеля дзяржаўных або прыватных рэклямных газэтаў.
Для недзяржаўнага “Віцебскага кур’ера” 5 мільёнаў рублёў — гэта месячны заробак усіх супрацоўнікаў, таму перад рэдакцыяй паўстала альтэрнатыва: або працаваць дарма, каб набываць тэлепраграму, або падвысіць кошт газэты да 1 тысячы рублёў ды страціць значную частку чытачоў.
“Віцебскі кур’ер” вырашыў абраць трэці шлях — адмовіцца ад тэлепраграмы, бо рэдакцыя спадзяецца, што газэту чытаюць ды набываюць ня толькі дзеля яе. Таксама рэдакцыйны калектыў падае ў апошнім нумары газэты пералік тэлефонаў чыноўнікаў розных узроўняў — ад адміністрацыі прэзыдэнта да ўправы інфармацыі Віцебскага аблвыканкаму, каб чытачы маглі выказацца ў падтрымку правоў недзяржаўных СМІ.