Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦІ ПАВІННЫ ЎЛАДЫ САСТУПІЦЬ ПРАДПРЫМАЛЬНІКАМ-ГАЛАДОЎНІКАМ?

Галіна Абакунчык, Менск

Патрабаваньні галадоўнікаў (зьнізіць падаткі, упарадкаваць дзейнасьць кантрольных органаў і іншыя) падтрымалі гандляры яшчэ пяці гарадоў з розных рэгіёнаў краіны, і на знак салідарнасьці зь віцяблянамі яны далучыліся да акцыі пратэсту.

Сярод апытаных мінакоў толькі некаторыя ведалі альбо нешта чулі пра галадоўку прыватных прадпрымальнікаў. (Афіцыйныя сродкі масавай інфармацыі, у тым ліку дзяржаўнае тэлебачаньне, пра галадоўку не паведамляюць.) Аднак паразважаць на тэму дачыненьняў улады й бізнэсу ахвотна пагадзіліся многія мінакі.

(Спадарыня: ) “Я думаю, што, напэўна, улады павінныя саступіць. Бо, першае, для прадпрымальнікаў гэта іхныя працоўныя месцы, яны ўтрымліваюць свае сем’і. А другое, людзям гэтаксама таньней набываць тавары на рынку, чым у крамах, дзе найбольшыя нацэнкі. Дый падаткі за свой бізнэс яны плацяць немалыя”.

(Карэспандэнтка: ) “Як вы ставіцеся да акцыі пратэсту й ці павінныя ўлады пайсьці на саступкі прадпрымальнікам?”

(Спадар: ) “Канечне, улады павінны пайсьці на саступкі й падымаць прыватных прадпрымальнікаў. Я й сам хачу папрацаваць, але не даюць — завялікія падаткі, занадта нявыгаднае становішча. Я не падтрымліваю палітыкі прэзыдэнта ў гэтым сэнсе, мне ўсё гэта вельмі не падабаецца”.

(Спадар: ) “Я ня ведаю, бо я не прадпрымальнік, у мяне сваіх праблемаў поўна, а таму не магу вам сказаць”.

(Спадарыня: ) “Дзяржава ведае, што робіць: проста зьнішчае прыватны бізнэс, а таму нічога ня зьменіцца”.

(Юначка: ) “Шкада гэтых прадпрымальнікаў, якія не ад добрага жыцьця цягаюць гэтыя свае агромністыя клункі з Польшчы, Расеі й іншых краінаў. Прадпрымальніцтва трэба неяк падтрымліваць, а не давіць”.

(Спадар: ) “Людзі даведзеныя да апошняй мяжы, што ўжо нічога ім не застаецца. Улады павінны ісьці насустрач, але я ўпэўнены, што яны гэтага рабіць ня будуць. Бо цяперашняй уладзе галоўнае — задушыць той пласт людзей, якія самі здольныя зарабіць на сябе і ад вышэйшага чынавенства не залежаць. Гэты прынцып уласьцівы для любой імпэрыі, для любой таталітарнай сыстэмы”.

Да слова, мае выпадковыя суразмоўцы найчасьцей казалі, што яны на баку прыватнага бізнэсу, не падтрымліваюць палітыкі ўладаў, але ня вераць у выніковасьць акцыяў пратэсту. Вось іхныя меркаваньні:

(Юнак: ) “Мы асабіста падтрымліваем прадпрымальнікаў”.

(Карэспандэнтка: ) “Ці мусяць улады саступаць гэтым людзям?”

(Юнак: ) “Нічога ня будзе, паверце. У нашай краіне нічога ня будзе, але спрабаваць трэба”.

(Юнак: ) “Трэба змагацца, але чаго можна дамагчыся — невядома”.

(Карэспандэнтка: ) “А ўлады павінны саступіць ці не?”

(Юнак: ) “Я думаю, што павінныя пайсьці на нейкі кампраміс, ня толькі ж душыць прадпрымальнікаў”.

(Спадарыня: ) “Не сакрэт, што ў нашай краіне стаўленьне ўладаў да бізнэсу адмоўнае. Таму нічога лепшага ня будзе, галадоўка ня будзе мець ніякіх вынікаў. Гэта усё адно як з вадою біцца”.

(Карэспандэнтка: ) “Як вы ставіцеся да акцыі пратэсту й ці павінныя ўлады ісьці на саступкі прадпрымальнікам?”

(Спадар: ) “Я лічу іхныя патрабаваньні законнымі, бо бачу, што з кожным годам у нас усё горш, горш і горш. Дзяржаве ўсё не хапае і не хапае грошай. Хоць, як паглядзіш тэлебачаньне, дык нашая эканамічная палітыка самая лепшая, жывем мы лепш за ўсіх. Але, каб урад хоць аднойчы паглядзеў праўдзе ў вочы! На жаль, усе тыя страйкі, што праходзілі раней, ня мелі выніку. Але ўсё роўна я на іхным баку”.

(Спадар: ) “Я лічу так, што ўлада ня толькі павінная ісьці на саступкі малому бізнэсу, але яна ў прынцыпе ня мусіць ствараць яму праблемаў, каб простыя людзі пачалі галадаць”.

Гэткія адказы мінакоў на пытаньне: ці павінныя ўлады саступіць галадоўцы прадпрымальнікаў.

XS
SM
MD
LG