Адрозна ад большасьці іншых відаў спорту, тэнісісты ня маюць уласнага чэмпіянату сьвету. Яго ім замяняе Кубак Дэвіса. Барацьбу за ганаровы трафэй (гэта чара са срэбра) вядуць толькі 16 наймацнейшых камандаў з усяго сьвету. За 100 гадоў існаваньня турніру Беларусь трапіла ў гэты лік упершыню. Да таго ж супернікамі беларусаў адразу сталі моцныя тэнісісты Расеі.
Усе 5 тысяч квіткоў на першыя два дні турніру ўжо прададзеныя. Кошт іх — ад 10 да 40 тысяч беларускіх рублёў. Гульні адбываюцца ў футбольным манэжы. Іншага памяшканьня, якое б адпавядала катэгорыі турніру, у Менску няма: палац тэнісу безнадзейна састарэў. Манэж пераабсталёўвалі сьпешна: журналісты, якія ў сераду прыйшлі сюды, заўважылі, што ў некалькіх месцах працякаў дах.
Капітан беларускай каманды Сяргей Цяцерын лічыць шанцы камандаў роўнымі. А ў Максіма Мірнага настрой на перамогу:
(Мірны: ) “Тыдзень у Менску ўсе разам займаліся і будзем прыкладаць усе намаганьні, каб перамагчы”.
Аптымізм Максіма Мірнага, магчыма, тлумачыцца тым, што адзіную перамогу над лідэрам расейцаў ён атрымаў на так званым “хуткім” корце. А пакрыцьцё менскага корту “Taraflex” якраз уваходзіць у катэгорыю “хуткіх”.
Дзень пачаўся двубоем менчука Ўладзімера Валчкова і расейца Ігара Андрэева. А ўвечары — паядынак лідэраў Мірнага і Сафіна.
Расейцы заявілі на турнір трох гульцоў: акрамя Сафіна і Андрэева яшчэ і Міхаіла Южнага, беларусы хочуць правесьці ўсё спаборніцтва толькі зь Мірным і Ваўчковым, хаця, калі раптам здарыцца нешта нечаканае, на корт змогуць выйсьці Аляксандар Швец ці Андрэй Каратчэня.
З Масквы ў Менску ў суботу на ўрачыстым адкрыцьці турніру чакалі Барыса Ельцына і маскоўскага мэра Юрыя Лужкова. Аднак пасьля тэрарыстычнага акту ў мэтро прыезд Лужкова выглядае малаверагодным. Што тычыцца Аляксандра Лукашэнкі, дык ён 5 лютага аглядаў манэж і быў задаволены. Стала вядома, што многія высокія беларускія чыноўнікі хочуць паглядзець тэніс на ўласныя вочы. Улічваючы гэта і трагедыю ў Краснапольлі, арганізатары матчу ў сераду прывялі ў манэж амаль паўтысячы вайскоўцаў, каб тыя пасядзелі на самых лепшых месцах новых трыбунаў і такім чынам праверылі іхную трываласьць.
Беларускія ўлады надаюць тэніснаму матчу надзвычай шмат увагі. Цягам апошніх дзён усе галоўныя выпускі навінаў на дзяржаўных тэлеканалах пачынаюцца з паведамленьняў пра падрыхтоўку да яго. Прэсавая служба амбасады Беларусі ў Расеі сьцьвярджае, што гэта будзе “зусім ня мірны двубой старых і добра знаёмых супернікаў, таму што на карту пастаўлена вельмі многае”.
Вялікі заўзятар спорту дэпутат Вярхоўнага Савету Беларусі 13 скліканьня Павал Знавец таксама бачыць сувязь спорту і палітыкі:
(Знавец: ) “Падтэкст ёсьць і палітычны. Калі Беларусь пераможа, а такое магчыма, то дзяржаўныя СМІ раструбяць пра посьпехі беларусаў: бачыце, што Беларусь ужо і ў “царскім” спорце, тэнісе, пабіла Расею. Гэта будзе выкарыстоўвацца для папулярызацыі рэжыму, у прыватнасьці, Лукашэнкі, за тое, што ён стварыў такія цудоўныя ўмовы, збудаваў такія цудоўныя палацы, што дазволіла Беларусі выйсьці на ўсясьветны ўзровень”.