Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗЬ ВІЗЫТАМ У МЕНСКУ ЗНАХОДЗІЦЦА АМЭРЫКАНСКІ СПЭЦЫЯЛІСТ У ГАЛІНЕ ВЫБАРЧЫХ ТЭХНАЛЁГІЯЎ


Валер Каліноўскі, Менск

Гары Нордлінгэр працаваў падчас шматлікіх выбарчых кампаніяў у ЗША і яшчэ ў 22 краінах на ўсіх кантынэнтах. Рэалізацыяй выбарчых тэхналёгіяў займаецца і заснаваная ім кампанія “Нордлінгэр Асошыэйтс”. У рэгіёне Ўсходняй Эўропы спадар Нордлінгэр працаваў пакуль толькі ў Босьніі. Цяпер ён зацікавіўся сытуацыяй у Беларусі, і ягонаму візыту паспрыяла амбасада ЗША ў Менску.

У сваіх выступах перад беларускімі слухачамі спадар Нордлінгэр гаворыць пра асноўныя прынцыпы выбарчых тэхналёгіяў, перш за ўсё на прыкладах зь цяперашняй прэзыдэнцкай кампаніі ў ЗША. Напрыклад, зусім нядаўна кандыдаты-дэмакраты Дын і Гэпхарт цалкам страцілі свае вельмі высокія рэйтынгі пасьля таго, як адчулі сябе лідэрамі ў гонцы і распачалі актыўныя напады адзін на другога. Іх правал з прычыны такой міжусобіцы засьведчылі праймэрыз (папярэднія выбары) у штаце Аёва. Цяпер кандыдаты-дэмакраты адмовіліся ад крытыкі аднапартыйцаў, а скіравалі ўвагу на галоўнага суперніка — дзейнага прэзыдэнта рэспубліканца Джорджа Буша, кажа спадар Нордлінгэр. Ён упэўнены, што беларускія дэмакраты маглі бы ўлічыць гэты досьвед:

(Нордлінгэр: ) “Адна з мэтаў майго прыезду сюды — даведацца больш пра Беларусь, і пакуль я ня маю дастаткова інфармацыі, каб сфармуляваць меркаваньне. Але нават на прыкладзе выбараў у Аёве можна нечаму навучыцца: калі апазыцыйныя кандыдаты пачынаюць бойку між сабой, то ў большасьці выпадкаў гэта вядзе да катастрафічнага выніку для ўсіх іх. Гэта тое самае, што пачынаць страляліну, стаўшы колам адзін насупраць другога”.

Гары Нордлінгэр зазначае, што асабіста ён з задавальненьнем працуе падчас выбарчых кампаніяў зь любымі кандыдатамі і партыямі, якія па-сапраўднаму адстойваюць дэмакратычныя каштоўнасьці. Прычым, не заўсёды за грошы, часам і на дабрачыннай аснове.

(Нордлінгэр: ) “Калі б галоўным матывам маёй працы былі грошы, я б не пакідаў Злучаных Штатаў”, — зазначыў спадар Нордлінгэр.

Адносна дзейных беларускіх уладаў ён выказаўся вельмі далікатна, каб не спрычыніцца да непажаданага канфлікту. Пра сваё жаданьне ажыцьцявіць у Беларусі свае тэхналёгіі й напрацоўкі спадар Нордлінгер пакуль не гаворыць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG