Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦЫТАТЫ МІНУЛАГА - 6 ЛЮТАГА


Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі

“Наша ніва”, 1914 год:

“Німа большых ворагаў беларускаму адраджэньню, як рэнегаты-“інтэлігенты”, сыны Беларусі. Яны займаюць розныя добра платные мейсцы, каб не ўпасць у няміласць тых, што ім плоцяць, ці хоць у падазрэньне, што спагадаюць народу і яго цяжкай долі, яра накідаюцца на кожнаго, хто адважыцца закінуць слаўцо на карысць беларускай мовы. У нашай Піншчыне так паступаюць іншые сьвяшчэньнікі з вышэйшай навукай, ды іншые вучыцелі рэальнай школы, а за імі і другіе інтэлігенты-беларусы. Праўдзівые маскоўцы слухаюць “патрыотоў” рэнегатоў і празрыцельная усьмешка гуляе па іхніх устах”.

“Чырвоная змена”, 1954 год:

“На будаўнічай пляцоўцы Менскага паліграфічнага камбінату ў складаных зімовых умовах калектыў будаўнікоў чацьвёртага будупраўленьня трэсту №1 Міністэрства жыльлёва-грамадзянскага будаўніцтва не зьніжае тэмпаў работ. Зараз тут ідуць вялікія арматурныя работы над крылом Зялёнага кальца. Хутка пачнуцца цагляная кладка і бетонныя работы другога паверху Зялёнага кальца. Вядзецца цагляная кладка першага паверха корпусу з боку Камароўскай плошчы і падсыпка грунту пад фундамэнт… Па праспэкце імя Сталіна намечана пабудаваць жылыя дамы для работнікаў паліграфічнага камбінату на 270 кватэр”.

“ЛіМ”, 1974 год. Рэжысэр-кінадакумэнталіст І.Вейняровіч:

“Салжаніцын выдае за мяжой свае варожыя пасквілі, такія, як “Архіпелаг ГУЛАГ”. Гэты вырадак апраўдвае гітлераўскіх катаў, здраднікаў радзімы, на руках якіх кроў, сьмерць мільёнаў савецкіх людзей. Ён палівае брудам памяць тых, хто цаной уласнага жыцьця адстаяў нашу сацыялістычную Радзіму і выратаваў народы многіх краін ад рабства і зьнішчэньня… Савецкія людзі ня могуць спакойна глядзець на тое, што Салжаніцын, прыкрываючыся “літаратурнай” працай, па сутнасьці, знаходзіцца на платнай службе ў варожых імпэрыялістычных колаў Захаду, атрымлівае ад іх падачкі за антысавецкую прапаганду”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG