Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦІ КІРУЕ Д’ЯБАЛ ГЭТЫМ СЬВЕТАМ?


Сяргей Абламейка, Прага



Калі гаворка заходзіць пра д’ябла, то варта спачатку зразумець, пра што мова. У Старым Запавеце ёсьць тэрмін “сатана” – які дакладна перакладаецца як праціўнік. А вось у Эвангельлі ўжо згадваецца ўласна д’ябал – у дакладным перакладзе той, хто паўстае паміж Богам і чалавекам як перашкода. Д’ябал не зьяўляецца нейкім анты-Богам ці асобай кшталту чалавека – паводле тэалёгіі гэта паўшы анёл, духоўная істота, якая адмовілася служыць Богу. Але і гэтая духоўная істота мае асабовасьць, і людзі яе адназначна і слушна ўспрымаюць як асобу.

Багасловы сьцьвярджаюць, што людзі вельмі часта недаацэньваюць д’ябла, а бывае і пераацэньваюць. Паколькі гэтая істота ёсьць праціўнікам зносін чалавека з Богам, і калі на яе не зьвяртаць увагі, чалавек можа стаць шмат да чаго благога сьляпым. Калі нехта наогул выключае існаваньне сатаны, то ён можа успрымаць духоўнае жыцьцё як шлях паступовага самаўдасканальваньня, якое залежыць толькі ад добрай волі чалаваека і яго супрацоўніцтва Богам. Калі ж д’ябла пераацэньваць, то можна пачаць бачыць яго за ўсімі сваімі няўдачамі і дажыцца да суцэльнага пэсымізму і адмаўленьня любога посьпеху ў духоўным жыцьці.

Д’ябла часта называюць “валадаром гэтага сьвету” у сэнсе, што менавіта ён гэтым сьветам кіруе. Але з такімі цьверджаньнямі трэба абыходзіцца асьцярожна, бо Сьвятое Пісаньне кажа, што наш сьвет ёсьць тварэньнем Бога, і сам Бог над ім пануе. Калі ж гавораць пра д’ябла, як пра валадра сьвету, дык маюць найперш хібу, якая прысутнічае ў сьвеце з-за граху. Д’ябал хутчэй не валадар нашага сьвету, але валадар пэўнай мэнтальнасьці, якую ён прапануе як варыянт для жыцьця ў гэтым сьвеце. І ўсяго толькі. Няма сэнсу рабіць з д’ябла нейкага валадара або суб’екта пэўнага дагмату – ён папросту гэтага ня варты.

Я папрасіў беларускага праваслаўнага сьвятара, айца Аляксандра Велісейчыка, настаяцеля Ўладзімерскай царквы ў Горадні, расказаць пра царкоўнае разуменьне сатаны і сродкі барацьбы зь ім.

(Велісейчык: ) "Спачатку трэба разабрацца, хто такі д'ябал, што гэта за сіла? Адказ можна даць такі - трэба разумець, што гэта рэальнасьць, гэта рэальная разумная сіла, якая добраахвотна стала на шлях супраціўленьня Богу і цалкам скіравала на гэта сваю волю. Калі мы кажам д'ябал, мы павінны разумець, што гэта ня нейкая алегорыя або агульная назва абстрактнага зла - гэта асоба, якая працівіцца Богу, якая калісьці першых людзей спакусіла і зараз спакушае чалвека.

Як д'ябал праяўляецца ў гэтьым сьвеце? Я думаю, гэтыя праявы можна падзялімць на тры катэгорыі, як і спакусы Хрыста Збаўцы у пустыні. Першае, гэта спакушэньне хлеба, гэта значыць матэрыяльнае. Другое, гэта спакушэньне славы і цуда. Як мы памятаем з эвангельскага ўрыўка, калі д'ябал сказаў Сыну Божаму, калі Ты Сын Божы, кінься ўніз, і анёлы панясуць цябе... І трэцяе спакушэньне, гэта спакушэньне ўлады.

І калі казаць пра праявы і дзеяньне д'ябла ў гэтым сьвеце, то як мне асабіста здаецца, напэўна, гэта спроба д'ябла ўкласьці людзям у вушы тое, што яго няма. Яму трэба, каб мы думалі, што ён ніякі не адпаўшы ад Бога анёл, але штосьці кшталту тых чорцікаў, якіх маляваў каваль Вакула ў гогалеўскіх "Вечарах на хутары паблізу Дзіканькі". Думаю, што ў гэтым яго сіла. мы яго называем ворагам роду чалавечага, ворагам нашага збаўленьня. А вораг, калі хоча перамагчы, ён прыкідваецца слабым або паказвае, што яго не існуе.

Як можна весьці барацьбу зь ім? Тут трэба зьвярнуцца да Сьвятога Пісаньня. Госпад на пытаньне апосталаў, чаму яны не маглі выгнаць дэмана з хлопчыка, сказаў, што гэты род выганяецца толькі малітвай і постам. таму толькі ўласны подзьвіг веры, малітва і пост могуць перамагчы д'ябла”.

Вось такія думкі настаяцеля Ўладзімерскай царквы ў Горадні айца Аляксандра Велісейчыка. Да словаў айца Аляксандра дадам, што сам Ісус Хрыстос у Эвангельлі паказаў людзям, як з д’яблам змагацца – Хрыстос на яго спакусы заўсёды адказваў чытаньнем Сьвятога Пісаньня. Паводле багасловаў, стратэгіяй д’ябла зьяўляецца мана, злахітрасьць, лісьлівасьць. Разам з тым, яго цяжка пазнаць, бо ён заўсёды ўдае дабро. Сам ён заўсёды імкнецца паказаць сябе ў іншым, у лепшым сьвятле. У Сьвятым Пісаньні можна прачытаць і пра тыповыя сродкі д’ябла. Спачатку ён падае нам грэх, як нешта вельмі прывабнае. Калі ж мы зграшым, ён адразу стараецца здрматызаваць нашу сытуацыю і паказаць яе горшай, чым яна ёсьць у сапраўднасьці – у такі спосаб ён адводзіць нас ад думкі пра Божую міласэрнасьць. Менавіта таму, дарэчы, многія неспрактыкаваныя вернікі, зграшыўшы і прыйшоўшы на споведзь, бываюць зьдзіўленыя мяккай рэакцыяй сьвятара і лёгкасьцю накладзенай за грэх эпітыміі або пакуты, як кажуць лацінскія католікі.

Калі вернік паддаецца граху, ён ня проста пакідае прастору паміж сабой і Богам, ён заходзіць на тэрыторыю сатаны. І ня важна, разумее гэта грэшнік, ці не. З гэтага, дарэчы, вынікае і тое, што сіла чалавека гіганцкая – ён можа служыць Богу, а можа і д’яблу. У вечным спаборніцтве д’ябал раскладае людзкія душы і перацягвае іх на свой бок. Але людзі маюць надзею на канчатковую перамогу дабра. Пра гэта ім сказаў сам Ісус Хрыстос у Эвангельлі паводле Яна: “Ня бойцеся, я перамог сьвет”. (Ян, 16:33)

Сродкі барацьбы са спакусамі д’ябла, паводле чэскага каталіцкага багаслова Пракопа Брожа, могуць быць розныя і разнастайныя, часам гэта залежыць ня толькі ад спакусы, але і ад чалавека. Бывае, дастаткова адназначна сказаць – не. Іншым разам можна проста ўцячы ад спакусы. Вельмі плённым можа быць і штодзённае чытаньне Сьвятога Пісаньня – менавіта дзякуючы гэтаму ў момант спакусы чалавек ведае, што ён павінен рабіць. Ну а на першым месцы багасловы называюць малітву. Малітва – гэта зварот чалавека да Бога, а, як памятаем, менавіта зносінаў чалавека з Богам больш за ўсё д’ябал і ня хоча. Зьвярнуцца да Бога – гэта значыць перамагчы сатану, бо зварот да Бога – адваротны яго мэтам.

Паслухаем зараз думкі пра д’ябла людзей на менскіх вуліцах, якія сабраў Альгерд Невяроўскі.

(Дзяўчына: ) “ У існаваньне д’ябла? Калі зыходзіць з гледзішча энэргетыкі, так, я веру. Гэта адбываецца тады, калі адбываецца разбурэньне псіхаэмацыйнага стану чалавека, калі чалавек даведзены да скрайнасьці, і калі чалавек слабы й ня мае сілы сябе кантраляваць. Тады такія людзі зьвяртаюцца да д’ябла”.

(Спадарыня: ) “Д’ябла? Веру. Я ведаю, што ўсе спакусы адбываюцца праз д’ябла. Я ў Бога веру”.

(Спадарыня: ) “Калі ёсьць дабро, значыць і ёсьць зло. Зло, зло ў людзей. Бог ёсьць любоў, а зло ёсьць д’ябал”.

(Хлопец: ) “Так, мусіць. Відаць усё гэта ў нашай галаве”.

(Спадар: ) “ Не, пэўна ж. Я матэрыяліст, трохі вучоны, экспэрымэнтатар. Я веру толькі ў рэчы, якія можна даказаць”.

(Дзяўчына: ) “Ня веру. Насмрэч я думаю, што такія рэчы ня могуць існаваць. Бог, д’ябал, мне здаецца, што гэта нешта ня тое”.

(Хлопец: ) “У існаваньне д’ябла? Так. Па-рознаму гэта праяўляецца. У чалавечым абліччы часам зьяўляецца”.

(Спадар: ) “Ня веру. Бо я веру ў Бога. Д’ябал таксама ёсьць, але я веру ў Бога”.

(Дзяўчына: ) “Веру. Я думаю, ён праяўляецца праз розныя непрыемныя падзеі, якія цяпер адбываюцца ва ўсім сьвеце”.

(Спадар: ) “Можа ён і існуе, але асабліва ня веру. Ён, відаць, праяўляецца ў кожным чалавеку, у якім існуе зло. У злачынцах можа праяўляцца, і калі чалавек хоча зрабіць іншаму нейкае зло – гэта і ёсьць праява д’ябла”.

(Дзяўчына: ) “Так, веру. Нават праз тое, што людзі крыўдзяць адзін аднаго, забіваюць, войны адбываюцца. Вось усё гэта ад д’ябла”.

(Дзяўчына: ) “Я нават ня ведаю, як адказаць на гэтае пытаньне. Я веру, што ёсьць нешта добрае, нешта злое, але для ўсіх гэтых істотаў ёсьць месца на зямлі. А ці дабро, ці зло ўсё гэта суб’ектыўна”.

Як вы чулі, большасьць людзей кажуць, што вераць у Бога і ў існаваньне д’ябла. Але некаторыя сказалі, што ніякага д’ябла не існуе. Гэта звычайная сытуацыя для пост-савецкай краіны. Як піша каталіцкі тэоляг Войцех Кагут, Царква сёньня засьцерагае, што менавіта пост-камуністычныя краіны зьяўляюцца прывабным сацыяльным полем для д’ябла. Камуністы трымалі свае краіны і народы пад татальным кантролем і шмат чаго не дазвалялі, а сёньня дазволена амаль усё і гэтае “ўсё” шмат каго прыцягвае. Галоўныя спакусы пост-камунізму – сіла, грошы і сэкс. Падаючы іх нам як мэту паўшы анёл стараецца выкарыстаць фальшыва зразуметае людзьмі паняцьце асабістай свабоды. Сёньня свабоду вельмі часта разумеюць як уседазволенасьць. Зь іншга боку некаторыя людзі наогул адкідаюць усе свабоды. У гэтым выпадку мы таксама маем справу з д’ябальскай спакусай, калі чалавек думае, што калі ён нічога ня робіць, дык нічога і не сапсуе. Трэба ведаць, што Бог абдарыў чалавека шматлікімі дарамі, якія людзі павінны выкарыстоўваць, а не закопваць у зямлю. Бог нават заклікае нас рызыкаваць! Пасыўнасьць – гэта праблема многіх сучасных вернікаў.

Тэалёгія сьцьвярджае, што неба і зямля створаныя ў вельмі напружанай, можна сказаць, напятай гармоніі – і менавіта таму прыгожай. У гэтую гармонію стараецца ўплішчыцца і парушыць яе д’ябал. Яго мэта – самадастатковы і засяроджаны на сабе зямны сьвет бязь неба. А менавіта зямля – гэта тое месца, зь якога вырастае слава нябёсаў. Сутнасьць д’ябла дваістая – ён хоць і нябесны, але злы дух. Іншыя анёлы – прыклады дасканалых асобаў, асоба ж д’ябла распадаецца, ён ня здольны да канструктыўнай дасканаласьці. Хрыстос ў Эвангельлі паводле Лукі кажа, што ўсялякае валадарства, што падзялілася само ў сабе, непазьбежна разбурыцца. Гэта і ёсьць лёс сатаны.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG