Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СЬВЯТЛАНА ЗАВАДЗКАЯ СУСТРАКАЕЦЦА З ДЭПУТАТАМІ ЭЎРАПАРЛЯМЭНТУ Ў БРУСЭЛІ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Сьвятлана Завадзкая прыехала ў Брусэль 4 лютага, а сёньня пачаліся яе сустрэчы з дэпутатамі Эўрапарлямэнту, якія працягнуцца да 6 лютага. Я зьвязаўся са Сьвятланай па тэлефоне, і вось што яна распавяла пра мэты сваёй паездкі ў Брусэль:

(Завадзкая: ) “Мне паабяцалі сустэчы з прадстаўнікамі ўсіх фракцыяў і, галоўнае, зь Янам Вірсмаа, які ўзначальвае групу па Беларусі. Буду прасіць іх, па-першае, падтрымаць мэмарандум Хрыстаса Пургурыдэса, асабліва што да захадаў, каб прымусіць беларускія ўлады завершыць расьсьледаваньні. Па-другое, было бы добра, каб у Эўрапарлямэнце таксама правялі слуханьні праблемы палітычных зьнікненьняў у Беларусі. Такім чынам, паспрабую наладзіць наўпрост кантакты з Эўрапарлямэнтам. Падобныя кантакты з ПАРЭ, з АБСЭ ў нас ужо наладжаныя. А з Эўрапарлямэнтам сустрэча будзе ўпершыню”.

Кіраўнік групы Эўрапарлямэнту па Беларусі, Украіне і Малдове Ян Вірсмаа, зь якім сустракаецца Сьвятлана Завадзкая, вядомы сваёй прынцыповай пазыцыяй што да дзеяньняў беларускіх уладаў. Падчас прэзыдэнцкіх выбараў 2001 году ён узначальваў групу назіральнакаў за выбарамі ад эўрапейскіх страктураў. У выніковай справаздачы Ян Вірсмаа тады адзначыў, што гэтыя выбары не адпавядалі міжнародным стандартам.

Як паведаміла Сьвятлана Завадзкая, яе дадатковым аргумэнтам на карысьць актыўнага ўмяшальніцтва Эўрапарлямэнту ў праблему зьнікненьняў у Беларусі ёсьць адмова КГБ краіны распачаць расьсьледаваньне гэтых справаў. Якраз напярэдадні паездкі ў Брусэль Сьвятлана разам са сваякамі зьніклых хадайнічала аб гэтым у КГБ, але нават не атрымала адказу, хаця належны для гэтага тэрмін ужо мінуў.

Сваякі зьніклых апазыцыянэраў раней заявілі пра свой недавер да сьледчых пракуратуры, якія гэтак і не дапыталі ўсіх падазраваных у арганізацыі зьнікненьняў, у тым ліку генэральнага пракурора Віктара Шэймана ды іншых кіраўнікоў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG