Напачатку некалькі словаў пра саму працэдуру “праймарыз”. Гэта – працэдура адбору найбольш папулярнага кандыдата ў асяродку двух найбольш уплывовых партыяў – Дэмакратычнай і Рэспубліканскай. Прычым працэдура “праймарыз” заканадаўча зацьверджаная ў большасьці штатаў. Менавіта ў выніку папярэдніх выбараў і вызначаюцца партыйныя фаварыты ў абедзьвюх партыях, якія пазьней робяцца афіцыйнымі кандыдатамі на пасаду прэзыдэнты ЗША. Нагадаем, што прэзыдэнцкія выбары ў ЗША пройдуць у лістападзе.
Кандыдатам ад Рэспубліканскай партыі практычна стопрацэнтна будзе цяперашні прэзыдэнт – Джордж Буш. Інтрыга выбарчай кампані палягае ў тым, хто складзе яму канкурэнцыю з боку дэмакратаў.
Учора ўвечары стала зразумела, што самыя вялікія шанцы мае сэнатар Джон Кэры, які выйграў “праймарыз” у штатах Арызона, Місуры, Паўночная Дакота, Дэлявэр і Нью-Мэксіка. Сваю прагпраму Кэры будуе на крытыцы палітыкі цяперашняга прэзыдэнта:
(Кэры: ) “Праўда ў тым, што Джордж Буш аслабіў Амэрыку, перанапраг узброеныя сілы ЗША, адштурхнуў нашых саюзьнікаў і стварыў самую амбітную, недальнабачную і ідэалягізаваную замежную палітыку ў гісторыі нашай краіны”.
Нягледзячы на перамогу ў пяці штатах, у Джона Кэры застаюцца канкурэнты. Сэнатар Джон Эдвардз перамог ў штаце Паўднёвая Дакота. А ў штаце Аклахома перамог былы камандуючы Аб’яднанымі войскамі НАТО ў Эўропе генэрал Уэслі Кларк. Ранейшы лідэр Говард Дзін імкліва губляе папулярнасьць. Мінулая ноч, калі падсумоўваліся вынікі “праймарыз”, была асабліва нэрвовай для сэнатара ад штату Канэкцікут Джозэфа Лібэрмана. Кандыдат на пасаду віцэ-прэзыдэнта на выбарах 2000 году Лібэрман учора пацярпеў паразу ў дзевяці штатах і заявіў, што сыходзіць з выбарчай дыстанцыі.
Афіцыйна кандыдат на прэзыдэнцкіх выбарах ад дэмакратаў вызначыцца на зьездзе партыі, які адбудзецца ўлетку.