Сёньня зь Беларусі выяжджаюць на жыхарства ў іншыя краіны ня толькі маладыя людзі ў пошуках лепшых заробкаў, адукацыі ці асабістага шчасьця. Людзі старэйшага веку таксама нярэдка пакідаюць родныя мясьціны. Але яны большую частку свайго жыцьця пражылі на Бацькаўшчыне і працавалі на карысьць сваёй краіны. Ці маюць яны права на чужыне атрымліваюць сваю законна заробленую ў Беларусі пенсыю?
Гэтае пытаньне мы адрасуем Валянціне Каралёвай - загадчыцы аддзелу арганізацыі пэнсійнага забесьпячэньня Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь
(Каралёва: ) "Паводле дзеючага ў Рэспубліцы Беларусь пэнсійнаму заканадаўству грамадзяне, якія выяжджаюць на пастаяннае жыхарства за межы краіны, маюць права на пэнсійнае забесьпячэньне ў тым выпадку, калі гэта прадугледжана адмысловымі дамовамі з краінамі іх пражываньня".
З якімі краінамі Беларусь мае такія дамовы?
(Каралёва: ) "Дамовы ў нас заключаныя з краінамі СНД, Малдоваю, Украінаю і Літвою". Сёньня мы вядзем перамовы з Латвіяй, у бліжэйшы час мы будзем працаваць над заключэньнем такой дамовы. Болей пакуль зь іншымі краінамі такія перамовы не вядуцца".
А з заходнімі краінамі, з краінамі так званага "далёкага замежжа"?
(Каралёва: ) "З краінамі "далёкага замежжа", на жаль, у нас такіх дамоваў не заключана. І таму, калі нашыя пэнсіянэры выяжджаюць за межы Беларусі, мы ім выплачваем пэнсію за 6 месяцаў наперад і выплату пэнсіі тут перапыняем. У замежжы мы выплачваем толькі пэнсіі, якія чалавек атрымлівае ў сувязі з працоўнай інваліднасьцю ці прафэсійным захворваньнем, якія былі атрыманыя пад час працы ў Беларусі. У гэтых выпадках пэнсіі выплачваюцца ў любыя краіны сьвету".
Як у рэальнасьці выглядаюць наступствы такога заканадаўства? Ілюструем на прыкладзе, які маем з Аўстраліі. Вячаслаў Елькановіч – новы беларускі эмігрант у Аўстраліі, ён адзіны сын ў маці і забраў яе да сябе ў Сыднэй.
(Елькановіч: ) "Пасьля заканчэньня Менскага мэдычнага інстытуту яна працавала лекарам з 1947 па 1987 год, 40 гадоў працоўнага стажу у якасьці лекара. Яна да нас прыехала ў 1992 годзе, маці было 72 гады. У Беларусі яна была ўжо шмат гадоў пэнсіянэркаю. Як вядома, лекарам дазвалялі працаваць, яна была на пэнсіі і працягвала працу.
Ёй ніхто не выплачваў пэнсіі, ні беларускія улады, як кажуць "адрэзаны кусок", а аўстралійскія ўлады таксама , бо ў яе напачатку не было права на жыхарства ў Аўстраліі.
Першыя чатыры гады нічога не атрымлівала, дапамагалі ёй дабрачынныя арганізацыі, пасьля ёй аўстралійцы далі пэнсію. Выкінутыя 40 гадоў працы".
Ці магчыма, каб пэнсіянэр, які выехаў у замежжа, атрымліваў сваю пэнсію ў самой Беларусі?
(Каралёва: ) "Выплата пэнсіі тут заканчваецца, як толькі стане вядома, што чалавек выехаў на пастаяннае жыхарства ў замежжа. Калі выяжджае часова, то пэнсія застаецца, ён можа прыехаць праз паўгоду, праз год і яму за ўвесь гэты час выплацяць пэнсію".
Вядома, што зараз шмат беларускіх эмігрантаў жыве ў Чэхіі. Як сытуацыя з гэтай краінаю, ці будзе дамова?
(Каралёва: ) "З Чэхіяй дамовы, на жаль, Рэспубліка Беларусь не заключыла. У часы Савецкага Саюзу былі заключаныя такія дамовы".
Дакладней сказаць, Рэспубліка Беларусь не перазаключыла з Чэхіяй дамовы, якая існавала яшчэ з савецкіх часоў, тэрмін яе скончыўся і пытаньне павісла ў паветры.
Паслухаем Рыму Пудаву, якая жыве ў чэскім горадзе Усьці над Лабем і мае права на пастаяннае жыхарства ў Чэхіі.
(Пудава: ) "Я маю ў Беларусі каля 24 гадоў працоўнага стажу. Маю вышэйшую гандлёвую адукацыю і працавала ў галіне гандлю. У 1997 годзе выехала ў Чэхію і з таго часу жыву тут.
Таксама ўжо набліжаецца пэнсійны век, так што трэба думаць, як я буду атрымліваць пэнсію. Я больш за 20 гадоў працы ўклала ў Беларусі і таксама хацела б атрымліваць пэнсію і зь Беларусі. Але, на жаль, пакуль няма такой дамовы. Спадзяемся, што нешта зьменіцца ў гэтай справе, што Беларусь падпіша дамову і будзе клапаціцца пра сваіх грамадзянаў, бо я засталася грамадзянкаю Беларусі".
Дарэчы, а як вырашаюцца гэтыя пытаньні ў Чэскай Рэспубліцы?
Па інфармацыю мы зьвярнуліся да загадчыка прэсавай службы Міністэрства працы і сацыяльнага забесьпячэньня Чэхіі Уладзімера Грубага. Вось што ён паведаміў.
(Грубы: ) "Калі грамадзянін Чэхіі ці грамадзянін іншай краіны, які жыў у Чэскай рэспубліцы, плаціў падаткі, плаціў у пэнсійны фонд і мае патрэбны ў адпаведнасьці з законам працоўны стаж, то, зразумела, ён мае права на пэнсію ад Чэскай рэспублікі, і дзяржава гэтую пэнсію яму будзе плаціць нават тады, калі ён не жыве ў Чэхіі, а ў іншай краіне".
У любой краіне, незалежна ад таго, ці мае Чэхія дамову з гэтай краінай?
(Грубы: ) “Гэта ў кожнай краіне, паўсюль ў сьвеце. Калі жыве ў краіне, зь якою маем дамову, то для гэтага чалавека існуюць больш выгадныя ўмовы”.
Практыка Чэхіі сьведчыць пра тое, што галоўнае – гэта жаданьне самой дзяржавы плаціць тым, хто на яе працаваў.
У Міністэрстве працы і сацыяльнага разьвіцьця Расейскай Фэдэрацыі нам паведамілі, што расейскія грамадзяне таксама маюць права на атрыманьне пэнсіі незалежна ад таго, дзе яны жывуць. Тут важна, што расейскія грамадзяне маюць права адначасна мець грамадзянства іншых краінаў, таму яны не страчваюць магчымасьці атрымліваць пэнсіі, калі становяцца яшчэ і грамадзянамі іншых краінаў.
У суседняй Украіне пэнсійнае заканадаўства падобнае на беларускае - пэнсіі выплачваюцца толькі ў тых краінах, зь якімі Ўкраіна мае адпаведныя дамовы.
У наш час, калі Беларусь пакідае шмат хто з карэннага насельніцтва, у краіну актыўна прыяжджаюць эмігранты з замежжа.
Як паведаміла агенцтва БелаПАН, у мінулым годзе беларускае грамадзянства атрымалі 20 тысячаў чалавек, што прыехалі. Гэта на 9500 чалавек больш, чым у 2002 годзе, дакладней, колькасьць імігрантаў вырасла ў два разы. Пэўна, што сярод іх ёсьць і старэйшыя людзі. Ці маюць яны права на пэнсію ў Беларусі? Высьветліць сытуацыю мы папрасілі ізноў спадарыню Валянціну Каралёву.
(Каралёва: ) "Калі да нас прыяжджаюць грамадзяне іншых дзяржаваў, права на пэнсійнае забесьпячэньне маюць усе, хто пастаянна жыве ў Беларусі, незалежна ад таго, грамадзяне яны Беларусі, ці замежныя грамадзяне, ці асобы без грамадзянства. Асноўным зьяўляецца права на пастаяннае жыхарства ў краіне. Калі чалавек у нас атрымаў права на жыхарства, ён можа зьвярнуцца што да прызначэньня пэнсіі. У гэтым выпадку стаж, адпрацаваны на тэрыторыі любой краіны да 1 студзеня 1992 году, залічваецца па дакумэнтах, выданых ва ўстаноўленым парадку".
Ці патрэбен былым замежнікам стаж працы менавіта ў Беларусі?
(Каралёва: ) "Не, нават калі чалавек ніводнага дня ў Беларусі не працаваў, нават, калі чалавек ня мае ўвогуле ніякага працоўнага стажу, пацьверджанага дакумэнтамі, у нас ён будзе атрымліваць сацыяльную пэнсію пры ўмове, што гэты чалавек дасягнуў 55 гадоў, калі гэта жанчыні, і 60 гадоў, калі – мужчына. Адным слова, хоць нейкую пэнсію, але чалавек у нас будзе атрымліваць".
Галоўнае, ён павінен мець права на пастаяннае пражываньне. Як у Беларусі - ці доўга замежніку даводзіцца чакаць атрыманьня гэтага права?
(Каралёва: ) "Атрыманьне дакумэнтаў на пастаяннае жыхарства, наколькі мне вядома, не такая доўгая працэдура. Звычайна цягам паўгоду, па-мойму, вырашаецца гэтае пытаньне. Магчыма, у залежнасьці ад таго, якія чалавек мае дакумэнты і зь якой мэтаю ён прыехаў у краіну".
Такім чынам, прыкладна праз паўгоду кожны замежны пэнсіянэр, які прыехаў у Беларусь, будзе забяспечаны пэнсіяй ад беларускай дзяржавы. Але нагадаем, што беларус, які выехаў у іншую краіну, наадварот пазбаўляецца магчымасьці атрымліваць заробленую ім пэнсію.
Вернемся ізноў да размовы з загадчыцаю аддзелу арганізацыі пэнсійнага забесьпячэньня Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь сп. Валянцінай Каралёвай. Спадарыня Валянціна, ці будуць неяк вырашацца гэтыя пытаньні, каб людзі не страчвалі ў замежжы свае пэнсіі?
(Каралёва: ) "Канечне, будуць вырашацца, гэта павінна вырашацца таму, што сапраўды дзяржава павінна аплачваць працу на гэтую дзяржаву. Мала ці зь якіх абставінаў гэтыя людзі на старасьць гадоў выехалі жыць у іншую краіну. Будуць, мы вырашаем гэтыя пытаньні і выступаем за тое, каб заключаць дамовы ў галіне пэнсійнага забесьпячэньня зь іншымі краінамі".