Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“АДНОЙ РУКОЙ БЕЛАРУС ГАЛАСУЕ ЗА ЎЛАДУ, А ДРУГОЙ — СУПРАЦЬ”


Валянцін Жданко, Менск

Пачну зь ліста Алеся Станкевіча з Горадні. Як і многія іншыя слухачы Свабоды, Алесь занепакоены паведамленьнямі апошніх дзён аб тым, што Беларусь больш ня будзе мець таннага расейскага газу. У сваім лісьце гарадзенскі слухач разважае наконт прычынаў і наступстваў беларуска-расейскіх эканамічных супярэчнасьцяў. Ён піша:

“Чамусьці розныя спэцыялісты гавораць толькі аб цане на расейскі газ для Беларусі. І амаль ніхто не ўспамінае пра вялізныя даўгі Расеі перад Беларусьсю — а гэта каля аднаго мільярда даляраў штогод, пачынаючы з 1996 году, калі быў падпісаны так званы “нулявы варыянт” пагашэньня ўзаемных даўгоў. Наконт гэтага доўгу ня раз публічна выказваўся і сам Лукашэнка. Размова ідзе і пра занадта танны для расейцаў транзыт празь Беларусь, і пра расейскія вайсковыя базы на беларускай тэрыторыі, і пра пэнсіі расейскім вайскоўцам, якія Беларусь вымушаная аплачваць з уласнага бюджэту.

А маёмасьць былога Савецкага Саюзу за мяжой? Так, была дамова, што Расея забярэ яе пры ўмове, што аплаціць зьнешнія даўгі. Але ж Лёнданскі клюб сьпісаў з Расеі каля 40 мільярдаў даляраў савецкіх даўгоў. І што ад гэтага атрымала Беларусь? А наступствы чарнобыльскай катастрофы? Чаму Расея як пераемніца СССР не кампэнсуе Беларусі стратаў? Вось табе і браты. Лукашэнка заяўляў, што ня хоча прад’яўляць рахункаў за ўсё гэта, бо Расея, маўляў, родная сястра. Але хіба такой павінна быць пазыцыя прэзыдэнта незалежнай дзяржавы?”

Відавочна, спадар Станкевіч, што даволі працяглы пэрыяд беларуска-расейскіх дачыненьняў, калі газ і нафту спрабавалі мяняць на братэрскія клятвы і саюзныя дамовы — скончыўся. Сярод адмыслоўцаў няма згоды наконт таго, якімі былі страты Расеі ці Беларусі з тае прычыны, што паміж краінамі не было паўнавартасных разьлікаў за тавары і паслугі паводле рынкавых коштаў. Некаторыя называюць тыя лічбы, якія прыводзіце ў сваім лісьце вы, спадар Станкевіч, і кажуць пра мільярды даляраў, якія не даплаціла Беларусі Расея. Іншыя, наадварот, гавораць пра мільярды, якія не даплаціла Расеі Беларусь, купляючы нафту і газ па заніжаных коштах. У кожным разе, спыніць узаемныя крыўды і абвінавачаньні можа толькі цывілізаваны гандаль. І Расея гэтага, мяркуючы па ўсім, дамаглася.

Ліст ад Мікіты Хведаровіча зь Менску. Слухач піша:

“Мяне, як і ўсіх неабыякавых людзей, хвалюе лёс зьніклых беларускіх палітыкаў. Вялікі дзякуй дакладчыку Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы Хрыстасу Пургурыдэсу за ягоны мэмарандум у гэтай справе, дзе ён вельмі слушна расставіў акцэнты. Тое, што Аляксандар Лукашэнка не дае згоды на стварэньне адпаведнай камісіі, якая б занялася расьсьледаваньнем загадкавых зьнікненьняў, пра многае сьведчыць”.

Далей у сваім вялікім лісьце Мікіта Хведаровіч зь Менску разважае пра абставіны зьнікненьняў, дзеліцца здагадкамі пра магчымую сувязь паміж імі і ўцёкамі з-пад хатняга арышту былой старшыні Нацбанку Тамары Віньнікавай, выказвае меркаваньні наконт таго, якую ролю ва ўсіх гэтых гісторыях маглі адыграць некаторыя высокапастаўленыя чыноўнікі.

Ліст ад Міколы Саскевіча з Калінкавічаў:

“Вельмі мяне абурыла нядаўняя перадача расейскага тэлеканалу НТВ “Намедни”. У ёй паказалі нейкага чалавека, якога назвалі амэрыканскім вэтэранам першай вайны ў Затоцы. І вось ён перад тэлекамэрай пачаў паліць пашпарт грамадзяніна ЗША і казаць на адрас Амэрыкі розныя брыдкія словы. …Амэрыканскія салдаты прыйшлі ў Ірак, каб выратаваць Амэрыку і ўвесь сьвет ад тэрарызму, а таксама каб вызваліць ірацкі народ ад прыгнёту садамаўскага рэжыму. Журналісту ж НТВ, пры ўсёй павазе да каналу, параіў бы больш паказваць, як крывадушная расейская палітыка зьнішчае суседнія дзяржавы і народы, і як паступова гіне маладая расейская дэмакратыя”.

Вайна ў Іраку, як і любая іншая вайна, мела шмат праяваў. Напэўна, былі й такія выпадкі, пра які распавяло расейскае тэлебачаньне і які вас, спадар Саскевіч, так абурыў. Адметна тое, што замежныя журналісты, якія працуюць сёньня ў Іраку, маюць магчымасьць здымаць такія сюжэты — за гэта ў іх не адбіраюць камэраў і не высылаюць з краіны.

У Злучаных Штатах, спадар Саскевіч, таксама можна пачуць нэгатыўныя водгукі на палітыку амэрыканскіх уладаў. Права на свабоду слова і распаўсюду інфармацыі — адно з галоўных у дэмакратычным грамадзтве. Важна, каб чалавек меў доступ да розных крыніцаў інфармацыі, каб гэтая інфармацыя была поўная і ўсебаковая. Толькі пры такой умове магчыма сфармаваць уласнае аб’ектыўнае ўяўленьне пра тое, што адбываецца ў сьвеце.

Ліст ад Мікалая Чыбісава зь мястэчка Казлоўшчына Дзятлаўскага раёну. Слухач піша:

“Я напісаў вам на Свабоду ліст, а паважаны Валянцін Жданко скараціў яго больш як на палову. Бач, не жадае ён чапаць беларускіх, так бы мовіць, “сьвятарных кароваў” — кіраўнікоў дэмакратычных партыяў. Аднабаковая, няпоўная інфармацыя скажае ўяўленьне пра іх. Кожны павінен ведаць, што менавіта з прычыны іхнага кіраваньня значная колькасьць беларусаў жыве ў галечы. А папярэдняя праца ў справе вылучэньня кандыдатаў у дэпутаты Нацыянальнага сходу — гэта праца бяздарных амбіцыйных палітыкаў. Карысьці яна не дала і ня дасьць: увосень вы самі гэта пабачыце”.

Магчыма, спадар Чыбісаў, вы зноў будзеце крыўдаваць, але і гэты ваш ліст я падаю ў значным скароце. Прычына зусім ня ў вашых крытычных выказваньнях на адрас некаторых дэмакратычных палітыкаў. Мы зусім ня лічым іх недатыкальнымі: дастаткова ўважліва паслухаць нашу праграму, каб у гэтым упэўніцца.

Тым ня менш, вашае сьцьверджаньне пра тое, што нібыта дэмакратычныя лідэры вінаватыя ў галечы значнай часткі беларускага насельніцтва, гучыць вельмі дзіўна. Нават калі вы маеце на ўвазе няўдачы дэмакратаў у змаганьні за ўладу — адказнасьць за эканамічнае становішча ў краіне нясуць зусім іншыя асобы, тыя, якія валодаюць рэальнай уладай. Што да вашых, спадар Чыбісаў, крыўдаў — то, на жаль, мы ня маем магчымасьці цытаваць такія даўгія, як ваш, лісты. Гэта заняло б надта шмат эфірнага часу.

Цікавымі назіраньнямі пра адметнасьці выбарчых кампаніяў у Беларусі падзяліўся ў сваім лісьце Павал Сац зь вёскі Асавая Маларыцкага раёну. Слухач піша:

“Наш чалавек галасуе не адной рукой, а дзьвюма. Прычым, калі адной — за, дык другой — супраць. Паслухаеш яго — ледзь не са сьлязамі расказвае пра сваё кепскае жыцьцё, кляне ўладу, а настане час галасаваць — прагаласуе за яе ж. Калі прэзыдэнт падвысіць пэнсію, ды яшчэ паабяцае падвышаць і далей — сто адсоткаў гарантыі, што атрымае поўную падтрымку. Прытым, ня мае значэньня тое, што абяцаньні ня будуць выкананыя: наш народ даверлівы, а пра абяцаньні хутка забываецца”.

Цікавыя назіраньні, спадар Сац. Відавочна, многае тут можна патлумачыць асьцярожнасьцю, боязьзю шмат разоў падманутых людзей перад магчымымі зьменамі. Асабліва гэта датычыць людзей сталага веку, якіх уласны жыцьцёвы досьвед прывучыў да абачлівасьці. Ёсьць, аднак, мяжа, калі нават такія людзі адважваюцца выказвацца за зьмены. Так было, напрыклад, у 1994 годзе, калі ніякія абяцаньні не дапамаглі ўтрымацца пры ўладзе Вячаславу Кебічу.

На заканчэньне — кароткі ўрывак зь ліста нашага латвійскага слухача Аляксандра Казлова зь вёскі Сухайліна Краслаўскага раёну. Спадар Казлоў уважліва сочыць за перадачай “Палітычная геаграфія” і зьвяртаецца да нас з такой прапановай:

“Няблага было б, каб ваш карэспандэнт пабываў у мястэчку Друя Мёрскага раёну. З тых мясьцінаў мая бабуля. На працягу свайго жыцьця людзі яе пакаленьня, не пакідаючы родных мясьцінаў, апыналіся ў розных дзяржавах. Напрыклад, бабуля нарадзілася ў Расейскай імпэрыі. Потым, пасьля Рыскага міру, апынулася ва Ўсходняй Польшчы (адкуль езьдзіла на заробкі ў Латвію). Пазьней Друя стала савецкім мястэчкам у Заходняй Беларусі. Усё гэта адбілася на мясцовых людзях”.

Дзякуй, спадар Казлоў, за цікавую прапанову. Плянуем, што наш карэспандэнт наведае мястэчка вашых продкаў і зробіць адтуль рэпартаж.

Цягам апошніх дзён нам таксама даслалі лісты Міхаіл Леках з Рыгі, Генрых Аўцюкевіч з Гарадзенскай вобласьці, Алесь Шустоўскі з Барысава, Ільля Копыл зь Менску і Мікалай Яўмененка зь вёскі Чудзенічы Лагойскага раёну.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG