Катажына Матушэўска займае пасаду намесьніка старшыні партыі “Унія Працы”, што ўваходзіць у цяперашні польскі ўрад. У Маскву спадарыня Матушэўска накіроўвалася ў складзе ўрадавай дэлегаці Польшчы на чале з віцэ-прэм’ерам гэтай краіны Маркам Полем. У часе пашпартнага кантролю Катажыне Матушэўскай паведамілі, што яна знаходзіцца ў сьпісе асобаў, чыя прысутнасьць на тэрыторыі Расеі не пажаданая.
Гаворыць спадарыня Матушэўска.
(Матушэўска: ) “Мяне трымалі трынаццаць гадзінаў у нейкім памяшканьні. Не далі вады і ніякай ежы. Добра што там быў кран і прыбіральня. Мяне пазбавілі таксама гарантаванага ўсімі міжнароднымі дамоўленасьцямі права сустрэчы з консулам, які ўвесь гэты час чакаў на лётнішчы”.
Паводле Катажыны Матушэўскай, расейскія памежнікі ніяк не патлумачылі ёй прычынаў затрыманьня.
(Матушэўска: ) “Аказалася, што там яны і не абавязаныя нічога тлумачыць. Дапамагло толькі тое, што я была ў складзе афіцыйнай урадавай дэлегацыі польскай дзяржавы – пасьля умяшальніцтва на вышэйшым узроўні мне ўрэшце дазволілі наведаць Маскву. Калі б я ехала прыватна, дык напэўна б мяне не пусьцілі ў Расею. Дарэчы, я ніколі ў жыцьці ў Расеі не была, таму і не магла нешта дрэннае ў гэтай краіне зрабіць. Я даведалася, што паколькі ўнутранай мяжы паміж Расеяй і Беларусьсю няма, дык гэтыя дзьве дзяржавы маюць агульны сьпіс непажаданых асобаў. Я падазраю, што паколькі маё прозьвішча ёсьць у сьпісе асобаў, непажаданых для ў’езду ў Беларусь, дык яно аўтаматычна апынулася і ў расейскіх памежнікаў. Атрымліваецца, што спадар Лукашэнка гаворыць спадару Пуціну, каго спадар Пуцін можа пускаць у Расею”.
Беларускія памежнікі не пусьцілі Катажыну Матушэўску ў Беларусь летась у ліпені. Спадарыня Матушэўска зьвязвала гэьта са сваёй дзейнасьцю на карысьць беларускіх недзяржаўных арганізацыяў, зь якімі шчыльна супрацоўнічае.
Паводле яе словаў, некаторыя прадстаўнікі замежных фундацыяў, якія ў мінулым супрацоўнічалі зь беларускай апазыцыяй або з арганізацыямі трэцяга сэктару, цяпер ня могуць атрымаць расейскія візы.