Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ВІЦЕБСКІЯ ПРАДПРЫМАЛЬНІКІ РАСПАЧАЛІ БЕСТЭРМІНОВУЮ ГАЛАДОЎКУ


Браніслава Станкевіч, Віцебск

23 віцебскія прадпрымальнікі сабраліся сёньня ўвечары ў памяшканьні крытага рынку “Мішэль” ды абвясьцілі пачатак бестэрміновае галадоўкі. Усе гэтыя прадпрымальнікі - сябры незалежнага прафсаюзу “Пэрспэктыва”, прычым пераважная большасьць тых, хто наважыўся галадаваць – жанчыны.

Паводле словаў намесьніка старшыні прафсаюзнай арганізацыі Барыса Элькіна, яны плянуюць заставацца ў памяшканьні рынку столькі часу, колькі спатрэбіцца гарадзкім уладам дзеля адмены сваіх апошніх пастановаў, якія, на думку прадпрымальнікаў, асабліва замінаюць ім працаваць. Перадусім гэта распараджэньне гарвыканкаму пра наданьне крытым рынкам статусу гарадзкіх гандлёвых цэнтраў, якое вымагае ад прадпрымальнікаў пераафармленьня дакумэнтаў ды дадатковых грашовых укладаньняў. У такой самай ступені прадпрымальнікі незадаволеныя і распараджэньнем мець у асартымэнце 70% беларускіх тавараў, большасьць зь якіх, на іхную думку, неканкурэнтназдольныя ў параўнаньні з замежнымі.

Сярод іншых патрабаваньняў ёсьць і такое: прадпрымальнікі патрабуюць прыцягнуць да адказнасьці намесьніка старшыні Віцебскага аблвыканкаму Уладзімера Яравікова ды загадчыцу ўправы гандлю Ірыну Ляўковіч. На думку прадпрымальнікаў, менавіта гэтыя службовыя асобы замінаюць разьвіцьцю прадпрымальніцтва ў вобласьці.

Віцебскія прадпрымальнікі ўпершыню абралі менавіта такую форму грамадзкага пратэсту як галадоўка. Начальнік управы прадпрымальніцтва Віцебскага аблвыканкаму Валянцін Цьвяткоў пакуль што ўстрымліваецца ад любых камэнтроў. Ён заўважыў толькі тое, што цягам бліжэйшага часу патрабаваньні галадоўшчыкаў выкананыя быць ня могуць. Але ўжо заўтра дзеля канкрэтнае размовы з прадпрымальнікамі да іх накіруюцца прадстаўнікі ўладаў, прычым ня толькі з Віцебску, але й з Менску.

Прадпрымальнікі таксама чакаюць падмацаваньня сваіх сілаў: мяркуецца, што да ўдзелу ў галадоўцы далучацца яшчэ некалькі чалавек,а на знак салідарнасьці зь імі заўтра распачнецца бестэрміновы страйк на віцебскіх рынках ды ў прыватных крамах горада.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG