Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У НЯДЗЕЛЮ ВІЦЕБСКІЯ СЯБРЫ АГП ДЫ ПКБ ПРАВЯЛІ ДЗЬВЕ АКЦЫІ СУПРАЦЬ ЗЬБЯДНЕНЬНЯ БЕЛАРУСАЎ


Браніслава Станкевіч, Віцебск

Нядзельны пікет у парку імя 30-годзьдзя ВЛКСМ стаў першай акцыяй, праведзенай віцебскай грамадзкасьцю згодна з распараджэньнем гарвыканкаму пра перамену месцаў правядзеньня масавых мерапрыемстваў. Таму, замест звыклага ўжо сквэру каля плошчы Леніна, віцебскім сябрам ПКБ давялося стаяць са сваімі сьцягамі ды плякатамі ў бязлюдным парку.

Адзінымі наведнікамі гэтага пікету сталі сямёра міліцыянтаў ды дзьве кабеты зь Віцебскага гарвыканкаму й Першамайскага райвыканкаму. Не дапамаглі нават аб’явы, якія за некалькі дзён распаўсюдзілі арганізатары пікету: большасьць аб’яваў была сарваная.

Пераканаўшыся, што на пікет ніхто ня прыйдзе, сябры ПКБ вырашылі былі перанесьці акцыю да бліжэйшага транспартнага прыпынку, каб на яе зьвярнулі ўвагу хаця б выпадковыя мінакі. Аднак міліцыянты загадалі ўсё згарнуць ды йсьці на вызначанае месца – у глыб парку. Прастаяўшы там з апоўдня да гадзіны дня ў поўнай адзіноце, партыйцы заявілі, што гэта была іхная апошняя акцыя, праведзеная ў падобным месцы. Паводле словаў старшыні гарадзкой арганізацыі ПКБ Галіны Барэйкі, надалей варта або шукаць іншыя формы публічнае дзейнасьці, або рыхтавацца да адкрытага супрацьстаяньня з уладамі.

Тым самым часам на вуліцы Леніна ў Віцебску праходзіла акцыя АГП. Яна была несанкцыянаванай, і сябры АГП праводзілі яе ў форме перасоўнага пікету. Рухаючыся па ходніках уздоўж цэнтральнае вуліцы, пікетоўцы раздалі віцяблянам каля 700 улётак, дзе з аднога боку пад рубрыкай “Не – зьбядненьню народа” надрукаваныя эканамічныя зьвесткі пра сучасную неадпаведнасьць цэнаў ды заробкаў. А на другім баку ўлёткі партыйцы зьмясьцілі інфармацыю пра стварэньне “Народнай кааліцыі Пяць-плюс”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG