У часе паседжаньня бюро Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы, якое звычайна закрытае для журналістаў, прымаюцца найбольш важныя рашэньні па выніках сэсіі. Гэтым разам разглядаўся і запыт Нацыянальнага сходу Беларусі аб вяртаньні яму статусу адмыслова запрошанага ў ПАРЭ. Пасьля сканчэньня паседжаньня старшыня ПАРЭ Пэтэр Шыдэр сказаў для радыё "Свабода":
(Шыдэр: ) "Так, мы абмяркоўвалі сытуацыю ў Беларусі, але гаворка йшла перадусім пра тое, ці зьмяніліся абставіны, дзеля якіх беларускі парлямэнт быў пазбаўлены статусу адмыслова запрошанага ў ПАРЭ. Нічога не зьмянілася, таму бюро вырашыла не вяртаць статус. Але ўсе сябры бюро адзінадушныя: дыялёг трэба працягваць. Найбольш важныя ў гэтым сэнсе будуць наступныя выбары. Калі Беларусь пагодзіцца, мы будзем назіраць за гэтымі выбарамі, і вынікі назіраньня будуць падставаю для наступнага абмеркаваньня статусу Беларусі ў ПАРЭ".
Прадстаўнік народнай кааліцыі "5+" Яраслаў Раманчук, які быў адзіным беларускім палітыкам, што прысутнічаў на сэсіі ПАРЭ, таксама лічыць, што гэтая арганізацыя пакуль ня мае ніякіх прычынаў, каб вяртаць Нацыянальнаму сходу статус адмыслова запрошанага ў гэтай арганізацыі. Вось што сказаў Яраслаў Раманчук пра галоўныя вынікі працы сэсіі ПАРЭ для беларускіх дэмакратычных сілаў:
(Раманчук: ) "Галоўнае было тое, што адзінагалосна на паседжаньні камітэту ў палітычных правах і правах чалавека была прынятая справаздача сп. Пургурыдэса і рэкамэндацыі. Па сваёй сіле гэта хіба наймацнейшы дакумэнт, які прымаўся эўрапейскімі інстытуцыямі за апошнія восем гадоў".
Цяпер рэкамэндацыі юрыдычнага камітэту ПАРЭ ў справе Беларусі будуць разгледжаныя на пленарным паседжаньні гэтай арганізацыі ў красавіку.