Штодзённая багдадзкая газэта “Al-Mada” выходзіць толькі некалькі месяцаў і невядомая за межамі Іраку, аднак інфармацыя, апублікаваная на гэтым тыдні, выклікае вялікі палітычны фурор у дзясятках краінаў: газэта зьмясьціла сьпіс кантрактаў Ірацкай дзяржаўнай арганізацыі нафтавага маркетынгу, зробленых у абыход санкцыяў ААН.
Гаворка пра мільёны барэляў нафты, пастаўляных у пэрыяд паміж 1999 і 2002-м гадамі, калі рэжым Хусэйна шукаў міжнародную падтрымку дзеля заканчэньня санкцыяў ААН і недапушчэньня ваеннай інтэрвэнцыі ў Ірак. У сьпісе прадстаўнікі больш як 46 краінаў, сярод іх члены ўрадаў, палітычныя актывісты, уплывовыя бізнэсоўцы, журналісты.
Дырэктар газэты “Al-Mada” Фахры Карым адмаўляецца гаварыць, як ён атрымаў дакумэнты Ірацкай дзяржаўнай арганізацыі нафтавага маркетынгу, але паказаў копіі гэтых дакумэнтаў замежным журналістам у Багдадзе. Зьмешчаныя факты выклікалі вялікую ўвагу ў Беларусі, Ярданіі, Баўгарыі, Францыі. Бальшыня ўзгаданых у сьпісе адмаўляюцца ад таго, што нешта атрымоўвалі ад Хусэйна. Сярод іх – баўгарскі прэзыдэнт Георгі Парванаў, які кіраваў Баўгарскай сацыялістычнай партыяй да 2001 году, – партыя фігуруе ў якасьці атрымальніка 12 мільёнаў барэляў ірацкай нафты.
(Парванаў: ) “Я буду вельмі дакладным. У той час, як я кіраваў Сацыялістычнай партыяй, ніводзін леў, ніводзін цэнт, ніводная іншая валюта не былі атрыманыя з замежных крыніцаў. Фінансаваньне партыі было адкрытым і законным”.
Сьцьверджаньні Георгія Парванава не задавальняюць баўгарскую правую апазыцыю – Саюз дэмакратычных сілаў, якая заклікае Парванава пайсьці ў адстаўку.
У Францыі былы міністар унутраных справаў Шарль Паска, каторы, як заяўлена, атрымаў 12 мільёнаў барэляў, заявіў газэце “Le Monde” наступнае: “Я ніколі ня быў сябрам Садама Хусэйна. Магчыма, іншыя, асабліва палітыкі, маглі атрымліваць прыбыткі ад рэжыму баасістаў, але не глядзіце ў мой бок”.
Сьпіс таксама ўключае і кіраўніка праграмы ААН “Нафта ў абмен на харчаваньне” Бэнона Сэвана. Прадстаўніца ААН заявіла, што ў арганізацыі ведаюць пра непацьверджаную інфармацыю і дадала, што праграма “Нафта ў абмен на харчаваньне” была пасьпяхова правераная шмат разоў, звонку і знутры арганізацыі”. Прадстаўнік праграмы “Нафта ў абмен на харчаваньне” сказаў, што Рада Бясьпекі дазваляла рэжыму Хусэйна выбіраць, каму прадаваць нафту, але са строгім рэгуляваньнем тэрмінаў, умоваў ды інспэкцыяў. Функцыянаваньне праграмы дакладна кантралявалася, пра іншыя апэрацыі Праграма ня ведае.
Працэдура праграмы “Нафта ў абмен на харчаваньне” прадугледжавае, што кожны, хто хацеў атрымліваць ірацкую нафту, павінен быў атрымаць згоду міністэрства гандлю сваёй краіны. Міністэрства ў сваю чаргу падавала заяўку ў Нью-Ёрк, у праграму “Нафта ў абмен на харчаваньне”. Адкрытасьць гэтай праграмы, мяркуецца, можа дапамагчы ў дасьледаваньнях незаконных апэрацыяў зь ірацкай нафтай.
Абвяржэньні супрацоўніцтва з Хусэйнам усё паступаюць, і цяпер цяжка ацаніць сапраўднасьць як абвінавачаньняў так і абароны. Кіроўчая Рада Іраку, прызначаная ЗША, зрабіла першы крок і папрасіла Міністэрства юстыцыі правесьці расьсьледаваньне.
У сьпісе, які надрукавала ірацкая газэта “Al-Mada”, фігуруюць члены арабскіх каралеўскіх сем’яў, рэлігійныя групы, палітычныя партыі і арганізацыі, палітычныя актывісты Італіі, Брытаніі, Канады, ЗША, Турэччыны, Судану, Кітаю, Егіпту, Сырыі – больш за 46 краінаў. Узгадваюцца 46 прадстаўнікоў Расеі, у тым ліку – Расейская праваслаўная царква, Расейская камуністычная партыя, кіраўнік адміністрацыі расейскага прэзыдэнта, сацыял-дэмакратычная, камуністычная і сацыялістычная партыі Ўкраіны ды іншыя. Беларускіх прадстаўнікоў у сьпісе – 6.