На гэтым тыдні слухачы 6 эўрапейскіх краінаў у апошні раз чуюць пазыўныя Радыё Свабодная Эўропа – Радыё Свабода. Радыё, якое праз эфір несла да іх ідэі свабоды і дэмакратыі.
Прэзыдэнт Радыё Свабодная Эўропа – Радыё Свабода Томас Дайн у звароце да журналістаў і ўсіх супрацоўнікаў шасьці службаў падзякаваў ім за добра выкананую працу ў прапагандзе свабоды і дэмакратыі.
Вось што сказаў з нагоды закрыцьця службаў Пэтэр Звагуліс – дырэктар Латыскай службы:
(Звагуліс: ) “Толькі тады, калі пакідаеш кампанію – Радыё Свабодная Эўропа – Радыё Свабода, разумееш, наколі быў прывеліяваны разам з вамі. І я жадаю, для ўсіх нас, каб мы памяталі лепшае з таго, што было ў нас разам”.
Кіраўнікі цяпер ужо зачыненых рэдакцыяў выказвалі спадзяваньне, што традыцыі Радыё Свабодная Эўропа – Радыё Свабода працягнуць мэдыі ў тых краінах, якія сёньня ўжо ёсьць свабоднымі. Гаворыць Віллу Канд – дырэктар Эстонскай службы:
(Канд: ) “Гэта быў цудоўны час для мяне асабіста, для нашай службы, і нават ня трэба казаць, што нашая місія мае быць працягнутая. Я думаю, што эстонскія мэдыі возьмуць на сябе гэтую ролю ў адпаведнасьці з новымі ўмовамі (ужо без прысутнасьці эстонскай службы Радыё Свабодная Эўропа)”.
Нягледзячы на тое, што гэтыя 6 краінаў далучаюцца да Эўропы, што яны прызнаныя як дэмакратычныя і свабодныя, тым ня меней, там застаецца яшчэ шмат праблемаў, зьвязаных з трансфармацыямі грамадзкага, эканамічнага і палітычнага жыцьця. Вось што сказаў дырэктар Літоўскай службы Саўлюс Кондротас:
(Кондротас: ) “Сумна, што нашая місія цалкам ня выкананая. У Літве палітычная сытуацыя становіцца ўсё горшай, і я думаю, што закрыцьцё службы адбываецца, магчыма, у самы горшы для Літвы час. Натуральна, калі не казаць пра савецкія часы”.
Радыё Свабодная Эўропа – Радыё Свабода вяшчае болей як 1100 гадзінаў на тыдзень на 34 мовах. А ад нядзелі колькасьць моваў паменшыцца да 29.