Кіраўнік менскага аўтатранспартнага прадпрыемства Васіль Кодзь ад грузаперавозак пакуль што мае стабільны прыбытак. Дзевяць ягоных вялікагрузных “Мэрсэдэсаў” амаль не прастойваюць, курсуючы па ўсёй Эўропе. Але спадар Кодзь кажа, што будзе сапраўднай трагедыяй, калі справа, якой ён займаецца амаль 10 гадоў, з-за дзеяньняў раптам апынецца ў прыцэле міжнародных санкцыяў. А тое, што такі варыянт цалкам рэальны, ён не сумняецца.
Яшчэ ў 2002 годзе кіраўнік Міжнароднага зьвязу аўтаперавозак Марцін Мармі папярэджваў беларускі ўрад пра магчымасьць выключэньня краіны з Канвэнцыі ў міжнародных перавозках на падставе невыкананьня Дзяржаўным мытным камітэтам патрабаваньняў гэтага дакумэнту. Галоўная прэтэнзія да беларускай мытні як тады, так і цяпер тычыцца грузаў, якія ідуць празь Беларусь паводле ўніфікаванай транзытнай працэдуры. Тавар грузіцца ў краіне адпраўленьня пад наглядам мясцовых мытнікаў, фуры пазначаюцца пячаткамі, і груз накіроўваеццца на мытню краіны прызначэньня без дадатковых праверак у транзытных краінах.Але беларускія мытнікі амаль у кожным другім выпадку бяруць на сябе місію дадатковай “фільтрацыі”, што ўрэшце заканчваецца канфіскацыяй грузу.
Дынаміка экспрапрыяцыі ўражвае: калі ў 2000 годзе беларускія мытнікі сканфіскавалі тавараў на 16 мільёнаў даляраў, то за 2003 год у актыве ведамства ўжо 70 мільёнаў! Расея, Літва, Латвія і Казахстан, якія вымушаныя карыстацца беларускім транзытным калідорам, лічаць падобны імпэт беларусаў беспадстаўным, і ўжо абвесьцілі пра намер падтрымаць скаргу Польшчы, калі да 31 студзеня сытуацыя з экспрапрыяцый на беларускай мытні радыкальна ня зьменіцца. Калі беларускае кіраўніцтва ня зробіць адпаведных высноваў, беларускай мытні папросту ня будзе чаго канфіскоўваць, паколькі транзытныя таварапатокі скіруюцца праз Украіну і Літву. У выніку санкцыяў Беларусь можа цалкам страціць рынак транспартных паслугаў.
У Беларускай асацыяцыі міжнародных аўтаперавозчыкаў (БАМАП), якая зьяўляецца сябром Міжнароднага зьвязу аўтатранспарту ад 1992 году, усё ж спадзяюцца на станоўчае вырашэньне канфлікту. У аддзеле міжнародных перавозак сказалі, што ў агульным аб’ёме экспартаваных Беларусьсю паслугаў доля транспартных складае 60%; у грашовым эквіваленце гэта амаль паўмільярда даляраў. Выключэньне Беларусі з Канвэнцыі ня толькі паверне транзытныя патокі ў суседнія краіны, але прывядзе да банкруцтва цэлую галіну, якая разьвіваецца ці не найбольш дынамічна.
Прадстаўнік БАМАП Пётар Хлусевіч у інтэрвію Радыё Свабода сказаў, што Беларусь у сьвятле апошніх падзеяў упарта губляе статус транзытнай краіны. І называе галоўнага вінаватага ў правакаваньні падобнай сытуацыі — Дзяржаўны мытны камітэт, які пераўтвараецца ў пагрозу як для замежных, так і для айчынных перавозчыкаў. “Мытнікам даўно пара паглядзець на сытуацыю цьвяроза і назаўсёды пазбавіцца ад залішніх амбіцыяў”, — сказаў спадар Хлусевіч.