Дырэктар Незалежнага інстытуту сацыяльна-эканамічных дасьледаваньняў Алег Манаеў, які старшынюе ў каардынацыйнай радзе “Беларускіх фабрык думак”, прэзэнтаваў на брыфінгу вынікі нацыянальнага апытаньня, праведзенага ў сьнежні ягоным інстытутам супольна зь віленскім сацыялягічным цэнтрам “Gallup-Baltic Surveys of Lithuania”. Апыталі амаль паўтары тысячы паўнагадовых жыхароў Беларусі.
Паводле вынікаў апытаньня, менш за траціну апытаных лічаць, што Аляксандар Лукашэнка добра кіруе краінай і заслугоўвае пераабраньня, а больш за 60% упэўненыя, што “нехта іншы мусіць заняць гэтую пасаду”. Гэтак лічыць і траціна тых, хто ў верасьні 2001 году рэальна галасаваў за спадара Лукашэнку. Нават сярод прыхільнікаў спадара Лукашэнкі папулярнае меркаваньне, што “Пуцін лепшы”. Калі б на беларускіх выбарах было толькі два кандыдаты — Пуцін і Лукашэнка, дык за расейскага лідэра свае галасы аддалі бы амаль 46% апытаных, а за Лукашэнку — толькі 28%.
Апазыцыя, якая зьбіраецца браць удзел у парлямэнцкіх выбарах, павінна ўлічыць, што 85% апытаных не знаёмыя зь сябрамі палітычных партыяў, а больш за 80% ня чулі пра кааліцыю “5+”. Вось як камэнтуе гэта прафэсар Манаеў:
(Манаеў: ) “Выснова вельмі простая — гэта значыць, што меркаваньне бальшыні беларусаў пра дзейнасьць дэмакратычных партыяў фармуецца на падставе інфармацыі, якая ідзе не ад саміх партыяў. Лёгка здагадацца, хто ды якую інфармацыю пра гэтыя партыі распаўсюджвае. Адсюль і вынік”.
Алег Манаеў распавёў, што з тых, хто чуў пра кааліцыю “5+”, бальшыня — амаль 10% — галасавалі б за прадстаўніка групы “Рэспубліка”, крыху менш за кандыдата ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі ці БНФ. А вось партыя камуністаў мае толькі 1% прыхільнікаў сярод палітычна інфармаванай часткі грамадзтва.
Яшчэ адна актуальная тэма — стасункі з Расеяй. Спадар Манаеў зазначыў:
(Манаеў: ) “Калі ў лоб задаецца пытаньне, ці павінна Беларусь быць незалежнай дзяржавай, і адказаў толькі два — “так” або “не”, практычна 72% за незалежнасьць, а супраць — толькі 6,5%. Вельмі добрыя вынікі”
На аналягічнае пытаньне — як бы вы галасавалі на рэфэрэндуме за прапанову ўвайсьці абласьцямі Беларусі ў склад Расеі, паводле вынікаў апытаньня, тыя ж 72% адназначна ці найбольш верагодна выказаліся б супраць, а “за” — толькі 17%.
Але тут, падкрэсьліў спадар Манаеў, кропка ня ставіцца. Крыху інакш сфармуляванае пытаньне задалі рэспандэнтам, і 63% зь іх заявілі, што паляпшэньне эканамічнага становішча ёсьць больш важным, чымсьці незалежнасьць. Апошняя больш важная толькі для чвэрці апытаных. І шмат хто ў Беларусі спадзяецца менавіта на Расею, а не на Захад. Было зададзенае яшчэ адно пытаньне:
(Манаеў: ) “А калі б вам давялося выбіраць з двух варыянтаў — эканамічны саюз з Расеяй або Беларусь уваходзіць у склад Эўразьвязу? 50,4% — за саюз з Расеяй. Беларусь уваходзіць у склад Эўразьвязу — 34%”.