Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У КРАСНАПОЛЬЛІ ПАХАВАЛІ АХВЯРАЎ ТРАГЕДЫІ Ў ШКОЛЕ


Марыя Ўсьціновіч, Магілёўская вобласьць

Сёньня Краснапольле разьвітвалася з ахвярамі трагедыі, якая здарылася ў школе: вучнямі 9-й і 10-й клясаў Ганнай Акіншавай, Аляксандрам Прусавым, Віктарам Бабровым і настаўнікам фізычнай культуры Пятром Любашэнкам. Краснапольцы ішлі з кветкамі ў дамы загінулых. Людзі плакалі, выказвалі шчырыя спачуваньні сваякам. Народу было столькі, што нельга было, паводле расповедаў, прабіцца да трунаў, каб пакласьці кветкі й вянкі.

Распавядае жыхар Краснапольля Аляксандар Дзем’янкоў:

(Дзем’янкоў: ) “Мясцовая ўлада хацела сабраць людзей на плошчы ў Краснапольлі й арганізаваць мітынг, аднак сваякі памерлых адмовіліся. Народу было шмат. Казалі, што шкада дзяцей. Клялі мясцовую ўладу. Што тут яшчэ скажаш?”

Віктара Баброва пахавалі ў вёсцы Кажамякіна непадалёк ад райцэнтру, іншых — на старых і новых могілках Краснапольля.

(Спадар: ) “Шкада дзяцей. Проста няма словаў”.

(Спадарыня: ) “Загналі дзяцей нашых у магілу”.

(Спадар: ) “Трагедыя маці... Як яны будуць жыць без сваіх дзяцей, што іх можа замяніць? Усё паклалі на гэтае дзіця, каб выгадаваць яго. Жах проста, як людзям жыць далей. Драма, проста драма”.

У эмацыйным напружаньні людзі зноў і зноў згадвалі, як будавалася школа, і вінавацілі мясцовае кіраўніцтва, якое, паводле меркаваньняў краснапольцаў, мусіла было клапаціцца пра бясьпеку дзяцей і настаўнікаў.

(Спадар: ) “Трагедыя вялікая. Хутчэй за ўсё, з-за бязладнасьці чыноўнікаў”.

(Спадарыня: ) “Абвінавачваю нашае начальства. Поўнасьцю, якія будавалі і прымалі, усё начальства. Школа 12 гадоў стаяла недабудаваная, дождж і сьнег ішоў. А потым яны дабудавалі яе за тры месяцы?”

(Спадарыня: ) “Там будаўнікі, гавораць, плакалі, калі будавалі. Там не цэмэнт, а пясок быў адзін. І расколіна, казалі, была ў пліце. Вось так!”

(Спадар: ) “Калі будавалі школу, то яшчэ ў той час казалі, што яна доўга, тым больш на балоце, не прастаіць. Самі ж будаўнікі пра гэта казалі. І ўсё роўна туды дзяцей упіхнулі”.

(Спадар: ) “Замазалі кісялём тыя расколіны, якія ў спартовай залі былі адразу, калі яе прынялі. Замазалі, пампэзнае адкрыцьцё зрабілі, а потым грошы спатрэбіліся на рамонт. Куды глядзелі нашыя начальнікі, калі прымалі гэтую школу? Бераглі свае партфэлі?”

І школьнікі, і іх бацькі кажуць, што, нягледзячы на абяцаньні разабарацца са станам будынку і, калі магчыма, належным чынам зрабіць рамонт, усе моцна баяцца вяртацца ў гэтую школу.

(Дзяўчынка: ) “Каб зноў абламалася яна, і каб людзі зноў пацярпелі? Канечне, не!”

(Спадар: ) “Баіцца ісьці ў школу, баіцца”.

(Спадар: ) “Гавораць, што брыгады створаць, адбудуюць і зноў сюды. Не, сказала дачка, ні за якія грошы сюды ня пойдзе. Гэта ня толькі маё меркаваньне, а многіх бацькоў”.

Заўтра пачынаецца ад’езд вучняў Краснапольскай сярэдняй школы №1 на аздараўленчы адпачынак у санатор. Там, паводле плянаў, яны будуць жыць і вучыцца тры месяцы. Цяпер зь дзецьмі працуюць псыхолягі, якія дапамагаюць ім справіцца з нэрвовым стрэсам. Між тым, у краснапольскай школе №1 працуе камісія, якая праводзіць экспэртызу будынку і расьсьледуе прычыны трагедыі, у выніку якой загінулі людзі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG