Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МІНІСТАР ЮСТЫЦЫІ ПРЫЗНАЎ, ШТО РЭГІСТРАЦЫЯ НОВЫХ ГРАМАДЗКІХ АБ’ЯДНАНЬНЯЎ ЧАСАМ ШТУЧНА ЗАМАРУДЖВАЕЦЦА


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Міністар Віктар Галаванаў прызнаў, што рэгістрацыя новых грамадзкіх аб’яднаньняў часам штучна замаруджваецца, і паабяцаў паскорыць працэс рэгістрацыі ў 2004 годзе.

(Галаванаў: ) “Сёлета праца рэспубліканскай камісіі будзе больш упарадкаваная. Здараліся таксама замаруджваньні зь віны супрацоўнікаў міністэрства, якія нясвоечасова ўносілі падрыхтаваныя дакумэнты. Я гэта прызнаю”.

Паводле міністра юстыцыі, больш за 50 новых грамадзкіх аб’яднаньняў цяпер стаяць у чарзе на рэгістрацыю. Некаторыя чакаюць больш за год, хаця закон прадугледжвае рэгістрацыю цягам аднаго месяца. Міністар лічыць, што заснавальнікі большасьці незарэгістраваных аб’яднаньняў вінаватыя самі, паколькі памыліліся ў афармленьні дакумэнтаў ці доўга выпраўляюць памылкі.

Аднак тыя, хто падаў на рэгістрацыю, лічаць інакш. Алег Гулак ёсьць сузаснавальнікам новай грамадзкай арганізацыі “Права. Рэлігія. Грамадзтва”. Дакумэнты ў Мінюст былі пададзеныя яшчэ ў 2002 годзе, але яна дагэтуль не зарэгістраваная.

(Гулак: ) “Мы ня маем ніякага адказу, зарэгістраваная ці не зарэгістраваная арганізацыя. Чыноўнікі ў Міністэрстве юстыцыі, якія вядуць гэтае пытаньне, кажуць: “Вы разумееце, камісія не зьбіралася. Потым — што камісія зьбіралася, але яны мала арганізацыяў прагледзелі, трэба чакаць зноў. Вось, вось, вось… Гэткія ў нас справы з канстытуцыйным правам на свабоду аб’яднаньняў”.

Згодна з адмысловым дэкрэтам прэзыдэнта, у Беларусі ніводнае новае грамадзкае аб’яднаньне ня можа атрымаць рэгістрацыі бяз згоды Міжведамаснай рэспубліканскай камісіі па рэгістрацыі. Гэтая камісія складаецца з прадстаўнікоў дзяржаўных ведамстваў, у тым ліку сілавых — КГБ, Савету бясьпекі ды іншых. А ўзначальвае яе намесьнік кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта, які адказвае за ідэалёгію. (Цяпер гэтую пасаду займае Алег Праляскоўскі.)

Камісія зьбіраецца нерэгулярна, і таму не пасьпявае прагледзець усіх дакумэнтаў. Але галоўная прычына нараканьняў — тое, што дзейнасьць камісіі не прадугледжаная ніводным законам, і таму абскардзіць яе рашэньні немагчыма. “Быццам са сьцяной сутыкаесься. Некаторыя аб’яднаньні, якія не прайшлі рэгістрацыі, спрабавалі аспрэчыць у судзе рашэньні гэтай камісіі, але ў іх нічога не атрымалася”, — сьцьвярджае Алег Гулак.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG