Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ХРЫСТАС ПУРГУРЫДЭС ЗАХАПЛЯЕЦЦА МУЖНАСЬЦЮ БЕЛАРУСАЎ


Аляксей Дзікавіцкі, Страсбур

Сп. Раманчук адзначыў, што ў ПАРЭ няма ніякіх падставаў вяртаць Беларусі статус адмыслова запрошанага, бо афіцыйны Менск ня робіць нічога, каб вярнуць дэмакратычны лад. Паводле сябра ПАРЭ, дэпутата літоўскага Сэйму Вацлава Станкевіча, цяперашнія беларускія ўлады папросту ня хочуць нармальных дачыненьняў з рэштай Эўропы:

(Станкевіч: ) "Упэўнены цяпер ужо, што афіцыйнаму Менску і ня трэба быць у складзе Рады Эўропы, таму што каб быць у Радзе Эўропы, трэба падцягвацца да ўзроўня Эўропы ў галіне законаў і г.д. Калі афіцыйны Менск будзе гэта рабіць, то ён ня будзе мець магчымасьці ўтрымліваць уладу ў сваіх руках".

Сп. Станкевіч лічыць, што справаздача Хрыстаса Пургурыдэса вельмі праўдзівая і можа спрычыніцца да ўводу санкцыяў супраць Беларусі Эўразьвязам.

Цікава, што прадстаўнікі Польшчы – краіны, чые ўлады ўвесь час дэкляруюць падтрымку дэмакратычных пераменаў у Беларусі, – у Камісіі ў юрыдычных справах і правах чалавека, якая ўхваліла справаздачу сп. Пургурыдэса, былі мала актыўныя. Гаворыць польскі дэпутат Генрык Круль:

(Круль: ) "Асабіста я лічу, што Беларусі трэба працягнуць руку, лепш сябраваць з гэтай краінай, а не сварыцца, страціўшы праз гэта апошнія магчымасьці ўплыву на ўнутраную сытуацыю ў Беларусі. Калі мы ізалюем Менск, то ў краіне будзе зьнікаць яшчэ больш людзей".

Другі, значна больш вядомы ў Беларусі палітычны дзяяч з суседняй краіны Уладзімер Жырыноўскі, які на прэсавай канфэрэнцыі ў Страсбуры прадстаўляў кандыдата ад сваёй партыі на пасаду прэзыдэнта Расеі, заявіў радыё "Свабода", што ПАРЭ ня можа нічога зрабіць зь беларускімі ўладамі.

(Жырыноўскі: ) "Незалежна ад перамогі нашага кандыдата, пазыцыя ЛДПР адзіная: Беларусь для нас – самая блізкая краіна, і мы гатовыя падтрымаць любыя дзеяньні на карысьць Беларусі. Сёньня на камісіі я буду выступаць супраць справаздачы, падрыхтаванай па Беларусі, і абараняць Беларусь".

Сам аўтар нашумелай справаздачы Хрыстас Пургурыдэс сказаў, што захапляецца мужнасьцю, якую дэманстравалі беларусы ў цяжкія моманты сваёй гісторыі, а таксама ганарыцца тым, што зрабіў:

(Пургурыдэс: ) "Я вельмі шчасьлівы, што мая справаздача так высока ацэненая, і ганаруся ёй. Спадзяюся, што цяпер беларускія ўлады, і асабліва Аляксандар Лукашэнка, адчуюць, што Эўропа не вядзе зь імі гульняў, а сур'ёзна патрабуе правесьці расьследаваньні ў справе зьніклых".

У адваротным выпадку, паводле словаў Хрыстаса Пургурыдэса, у Эўразьвязу, хутчэй за ўсё, ня будзе іншага выйсьця апроч увядзеньня супраць Беларусі санкцыяў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG