Чарвяк “Майдум” – так найчасьцей называюць гэты вірус – пачаў шырыцца ў сьвеце ў панядзелак. За двое сутак вірус паразіў сотні тысяч кампутараў з апэрацыйнай сыстэмаю “Майкрасофт Уіндаўз”. Кампутарны чарвяк прыходзіць у форме бяскрыўднага з выгляду дадатку да электроннага ліста. У прадметным радку небясьпечнага ліста можа быць звычайнае hello або паведамленьне пра якую памылку, напрыклад Mail transaction failed – Паштовая апэрацыя не ўдалася. Як толькі карыстальнік раскрывае дадатак, чарвяк “Майдум” пачынае рассылацца на ўсе адрасы, якія ёсьць у базе кампутара. Апрача таго, вірус умее адчыняць “чорны ход” кампутараў, празь які ў іх могуць прабірацца гакеры.
Экспэрты цьвердзяць, што новы вірус быў створаны для і-мэйлавай атакі на сайт амэрыканскай кампутарнай фірмы SCO. Разьмешчаная ў штаце Юта фірма ўжо запрапанавала ўзнагароду – 250 тысяч даляраў – таму, хто дапаможа знайсьці стваральніка чарвяка. Кампанія SCO заяўляе, што валодае кодам, які выкарыстоўваецца ў апэрацыйнай сыстэме “Лінукс”. Такія заявы, як мяркуюцца, і падахвоцілі да распрацаваньня вірусу тых, хто выступае супраць абмежаваньняў на выкарыстаньне й разьвіцьцё “Лінуксу”.
Спэцыялісты ня здатныя пакуль што назваць больш-менш дакладную колькасьць паражаных кампутарных сыстэм. Сёньня зьявіліся нарэшце аптымістычныя прагнозы – спэцыялісты гавораць, што тэмпы пашырэньня новага вірусу зьнізяцца ў найбліжэйшыя два дні.