У часе перамоваў у Авальнай зале Белага дому прэзыдэнт Польшчы Аляксандар Квасьнеўскі націскаў на амэрыканскага прэзыдэнта Джорджа Буша адмяніць візы, паўтараючы, што “ў гэтым будучыня”. Відавочна раздражнёны Буш толькі і адказаў, што “магчыма” і дадаў, што “ягоныя рукі зьвязаныя Кангрэсам”.
Патрабаваньне Польшчы – яшчэ адно пацьверджаньне таго, што расьце міжнародная занепакоенасьць новымі амэрыканскімі правіламі абавязковых інтэрвію і ўзяцьця адбіткаў пальцаў у тых, хто просіць амэрыканскую візу. Раней Бразілія, Паўдзённая Карэя і Расея ўжо ўздымалі гэтае пытаньне на высокім узроўні з ЗША.
Калі праблема візы для ЗША – гэта момант забесьпячэньня нацыянальнай бясьпекі, то ў Польшчы гэта ўспрымаецца зусім інакш: адна думка, што трэба прасіць візу на ўезд у ЗША, а затым здаваць адбіткі пальцаў і фатаграфавацца, ўспрымаецца палякімі як зьнявага. “Гэта мае для нас псыхалягічнае і сымбалічнае значэньне, – сказаў Тадэвуш Івінскі, дарадца польскага прэм’ера Лешэка Мілера. – Мы сапраўдныя сябры Амэрыкі, і шмат разоў гэта дэманстравалі, а цяпер Злучаныя Штаты павінны зрабіць крокі ў адказ”.
ЗША ўчора выказаліся, што яны разумеюць той дыскамфорт, які церпяць замежныя падарожнікі ў зьвязку з праблемамі бясьпекі ЗША. Яны таксама абяцаюць пэўныя паслабленьні для грамадзянаў Польшчы. Прынамсі, памежныя фармальнасьці будуць палякі праходзіць у Варшаве, а не пры ўезьдзе ў ЗША. Таксама на высокім узроўні будуць працягвацца кансультацыі. Аднак, Буш падкрэсьліў, што ён не прымае патрабаваньні Варшавы ў поўным аб’ёме.
Расчараваны Квасьнеўскі, пакінуўшы Белы дом, пацьвердзіў, што ЗША не гатовыя цалкам прыняць ягоную прапанову скасаваць візывы рэжым наведваньня ЗША палякамі. Польшча ж доўгі час дазваляла амэрыканскім грамадзянам прыяжджаць да сябе бязь візаў. Аляксандар Квасьнеўскі ўзяў на сябе палітычную рызыку моцнай падтрымкі ЗША ў ірацкім пытаньні, насуперак невялікаму энтузіязму палякаў адносна вайны і ў дадатак яшчэ ўскладненьню дачыненьняў з Францыяй і Нямеччынай – краінамі, зь якімі зьвязаная эўрапейская будучыня Польшчы. Зрэшты, грамадзяне гэтых краінаў, якія не падтрымалі амэрыканцаў у ірацкай вайне, езьдзяць у ЗША бязь візаў. Польшча ж была адной з толькі чатырох краінаў, якія паслалалі сваіх салдатаў на ўварваньне ў Ірак і мае прыблізна дзьвюхтысячны кантынгент войскаў у Цэнтаральным Іраку, дзе і камандуе шматнацыянальнымі сіламі.