Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЖЫХАРЫ КРАСНАПОЛЬЛЯ ПАТРАБУЮЦЬ ПАКАРАЦЬ МЯСЦОВЫХ КІРАЎНІКОЎ, АДКАЗНЫХ ЗА БУДАЎНІЦТВА ШКОЛЫ


Марыя Ўсьціновіч, Краснапольле

(Раман: ) “Мы на ўроку рашалі задачу. А потым нібыта выбух. На калідоры быў пыл, і там дзеці беглі. І мы выбеглі. На вуліцы дзе кроў капала, дзе быў пыл. Так, троху страшна”, — распавёў 10-гадовы Раман, вучань 3-й клясы краснапольскай школы №1.

Сёньня раніцай каля школы працавала шмат тэхнікі. Прыбіралі сьнег і чысьцілі дарогі ў чаканьні Аляксандра Лукашэнкі. Месца здарэньня ачэпленае міліцыянтамі, і ў школу нікога, акрамя начальнікаў, не пускаюць. На вуліцы сабралося шмат людзей. Школьнікі і іх бацькі атрымлівалі рэчы, якія дзеці кінулі, калі ратаваліся ад абвалу. Людзі дзяліліся сваімі ўражаньнямі:

(Спадарыня: ) “Я сёньня ноч не спала ўвогуле, крычала крыкам.
Такі боль!”

(Спадарыня: ) “Мой сын побач са спартовай заляй у клясе займаўся. Ён сёньня баяўся спаць. “Мамачка, я баюся”. І цяпер каленкі трусяцца”.

(Хлорец: ) “Адразу думалі, што можа нейкі захоп, падарваць хацелі школу. Такі выбух атрымаўся. Павыбеглі, страшна так стала, усе плакалі”.

(Спадарыня: ) “Каця мая выскоквала ў адных калготках. Яна бегла, нейкая жанчына аддала ёй свой шалік,бегла, гаворыць, у сьнезе па калена. Баіцца, гаворыць: “Я туды ў школу не пайду, я баюся. А калі яшчэ адна пліта ўпадзе на нас?”

Бацькі школьнікаў моцна абураныя тым., што ўчора ніхто з раённага кіраўніцтва ня выйшаў да іх і ня выказаў нават словаў спачуваньня. Людзей узрушылі таксама паведамленьні, што аварыйную школу зьбіраюцца рамантаваць і зноў пачаць у гэтым будынку заняткі. Бацькі супраць.

Між тым, некалькі дзяцей з рознымі траўмамі цяпер знаходзяцца ў Краснапольскім раённым шпіталі. Іх стан мэдыкі ацэньваюць як сярэдняй цяжкасьці.

(Спадарыня: ) “У мяне дачка ў шпіталі. Ударыла галаву — і вялікае нэрвовае страсеньне. Страшна! Сяброўку 16-гадовую страціла. Маю хлопчык уратаваў, у бок штурхнуў, калі пліта ляцела. Ці можна было ў такую школу дзяцей засяляць, каб яны там вучыліся?”

Краснапольцы шмат распавядаюць пра школу — як яна будавалася і ў якім стане была. Людзі лічаць, што будынак ад самага пачатку быў аварыйны і абвяргаюць вэрсію, што перакрыцьці маглі абваліцца з-за сьнегу.

(Спадар: ) “Не, гэта ня сьнег. Школа павінна вытрымліваць любы сьнег, і ня толькі сьнег”.

(Спадар: ) “Гэта безгаспадарлівасьць. 10 гадоў стаяла будаўніцтва замарожанае, а потым ўзялі і за два-тры месяцы зрабілі”.

(Спадар: ) “Усё хутчэй гналі: здаць да прыезду Лукашэнкі, каб школа была гатовая. Гэты школьны дах на год тры разы рамантавалі. Урэшце ён ўсё роўна ўпаў”.

Краснапольцы вінавацяць у трагедыі будаўнікоў і праектантаў, а яшчэ больш — мясцовае кіраўніцтва.

(Спадарыня: ) “Каб пакаралі ўсіх, хто гэта рабіў. Не рабочых, а начальнікаў. За тое, што як школу будавалі, яны за кошт гэтага набудавалі сабе лецішчаў, яны панакуплялі машынаў, усё на сьвеце”.

(Спадарыня: ) “Яны нажываюцца, а нашыя дзеці гінуць! Гінуць за гэтае начальства, за гэтую мафію”.

У чаканьні Аляксандра Лукашэнкі людзі, якія сабраліся каля школы, абмяркоўвалі, ці ёсьць віна ў трагедыі найвышэйшага кіраўніцтва, якое загадала хутчэй пабудаваць і здаць школу.

(Спадар: ) “Сыстэму стварыў Лукашэнка, калі ўсе баяцца сказаць праўду — што нельга таго, што нельга. Калі сказаў “бацька”, то ўсе павінны вконваць ягоныя загады”.

(Спадарыня: ) “Наўрад ці яму сорамна, мне так падаецца. Было б сорамна, дык не было б такога бардаку ў рэспубліцы”.

(Спадар: ) “Лукашэнка? Усё ён разумее, аднак нашто яму нешта мяняць? Калі памяняе, дык ён ніхто будзе. Яму непатрэбныя разумныя, а бардак, за кошт гэтага бардаку ён будзе трымацца”.

(Спадарыня: ) “На людзей усім напляваць, яны да ўлады прыйшлі, і цяпер любымі шляхамі будуць імкнуцца за яе трымацца”.

Заўтра ў Краснапольлі будуць хаваць ахвяраў трагедыі — трох вучняў і настаўніка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG