Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ДЭМАКРАТЫ БАРЫСАВА ДАМОВІЛІСЯ ДЗЕЙНІЧАЦЬ РАЗАМ ПАДЧАС ПАРЛЯМЭНЦКІХ ВЫБАРАЎ


Міхал Стэльмак, Менская вобласьць

У Барысаве адбылося адмысловае паседжаньне прадстаўнікоў мясцовай дэмакратычнай грамадзкасьці, прысьвечанае будучым выбарам. Удзел у паседжаньні бралі прадстаўнікі партыяў, праваабарончых арганізацыяў і дэмакратычных прафсаюзаў. Большасьць зь іх належаць да двух перадвыбарчых блёкаў — народнай кааліцыі “5+” і эўрапеўскай кааліцыі “Свабодная Беларусь”. Галоўную ўвагу барысаўскія дэмакраты засяродзілі на абмеркаваньні пытаньня каардынацыі дзеяньняў. Ці патрэбная яна і ў якой форме? Вось што паведаміў нашаму радыё прадстаўнік эўрапейскай кааліцыі “Свабодная Беларусь” Зьміцер Бародка:

(Бародка: ) “Тут у нас поўная згода. На дзьвюх акругах ідзе некалькі кандыдатаў. Вырашылі падпісаць дамову паміж кандыдатамі аб сумеснай падтрымцы адзін аднаго. І аб падтрымцы найбольш выбітнай фігуры. Мы, партыі, працуем не адзін год разам. У прынцыпе на рэгіянальным узроўні ўсе дэмакратычныя сілы лёгка дамовіліся і яшчэ дамовіліся. Тут праблемаў не стаіць. Мы дапамагаем адзін аднаму, таму што нас тут ня так шмат. Ніякіх амбіцыяў ці яшчэ чагосьці на нашым узроўні няма”.

Што гэта так, мне пацьвердзіў і барысаўскі прадстаўнік другога дэмакратычнага блёку — народнай кааліцыі “5+” Леў Марголін:

(Марголін: ) “На рэгіянальным узроўні нам ня вельмі істотна, да якога блёку належаць прадстаўнікі дэмакратычнай апазыцыі. Па-першае, мы павінны выпрацаваць нейкія такія прынцыпы дачыненняў. Таму што, калі нават мы будзем ад адной кааліцыі, дык усё роўна кожны са сваёй камандай на першым этапе будзе рабіць нейкую асобную працу. Трэба, каб адзін аднаму не перашкаджалі. Па другое, мы павінны разам працаваць. Каб загадзя вылучыць нейкіх кандыдатаў у камісіі — у акруговыя, у мясцовыя”.

Паводле барысаўскіх дэмакратаў, іхны прыклад рэгіянальнага супрацоўніцтва варты перайманьня. У тым ліку і лідэрамі перадвыбарчых блёкаў рэспубліканскага ўзроўню. Сустаршыня эўрапейскай кааліцыі “Свабодная Беларусь” Мікалай Статкевіч з гэтым пагаджаецца:

(Статкевіч: ) “Мы заклікалі да заключэньня такіх пагадненьняў у заяве прэзыдыюму. І мы радыя, што ёсьць першая ластаўка. Асабліва важная гэтая падзея яшчэ і таму, і што выбарчая кампанія ў Беларусі разарваная на асобныя 110 кампаніяў. Будуць чыста мажарытарныя беспартыйныя выбары. І тактыка ўлады ў кожнай акрузе дастаткова гнуткая. І безумоўна, каб супрацьстаяць ёй, патрэбныя пагадненьні ня толькі на нацыянальным узроўні, як мы прапануем, а і каардынацыя на ўзроўні кожнай акругі”.

А вось як пракамэнтаваў барысаўскую ініцыятыву адзін зь лідэраў народнай кааліцыі “5+” Анатоль Лябедзька:

(Лябедзька: ) “Вельмі добра, што на ўзроўні Барысава прадстаўнікі сацыял-дэмакратычнай партыі ідуць на супольную працу. І мы будзем вітаць, калі гэта будзе адбывацца ў іншых рэгіёнах. Але разам з тым мы канстатуем, што на сёньняшні дзень народная кааліцыя “5+” мае патэнцыял — гэта каля 90% арганізаваных структураў. І гэтага дастаткова, каб эфэктыўна арганізоўваць выбарчую кампанію. Калі да гэтай кампаніі будуць далучацца прадстаўнікі іншых структураў, якія знаходзяцца па-за межамі народнай кааліцыі “5+”, мы гэта будзем вітаць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG