Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АЗІЯЦКІЯ КРАІНЫ АБ’ЯДНАЮЦЬ НАМАГАНЬНІ Ў БАРАЦЬБЕ З ЭПІДЭМІЯЙ ПТУШЫНАГА ГРЫПУ


Вячаслаў Ракіцкі, Прага

Эпідэмія птушынага грыпу ўжо пацьверджаная ў дзесяці азіяцкіх краінах – Камбоджы, Інданэзіі, Японіі, Лаосе, Пакістане, Паўдзённай Карэі, Тайвані, Тайляндзе, Кітаі і Віетнаме. Учора ўлады Пакістану заявілі, што знайшлі хворых куранятаў у партовым горадзе Карачы. У Пакістане, між іншым, ужо здохлі ад вірусу каля паўтара мільёна курэй, аднак, паводле міністра сельскай гаспадаркі, гэтая лічба можа быць падвоенай. Паведамляецца пра верагоднасьць таго, што хвароба перадаецца людзям. Ужо зарэгістраваныя найменей 8 сьмяротных выпадкаў – 6 чалавек памерлі ў Віетнаме і два ў Тайляндзе. Пра другі трагічны выпадак у Тайляндзе – сьмерць 6-гадовага хлопчыка – было паведамлена сёньня раніцай. Мяркуецца, што памерлыя былі ў кантакце з хворымі куранятамі. Пакуль няма пацьверджаньняў, што хвароба перадаецца ад чалавека да чалавека. Аднак, спэцыялісты Усясьветнай арганізацыі аховы здароўя не выключаюць, што курыны вірус можа відазьмяняцца і аб’ядноўвацца зь вірусамі людзей, вынікам чаго можа стаць болей заразная форма хваробы, якая будзе перадавацца праз кантактаваньне паміж людзьмі.

На сераду прызначаная тэрміновая канфэрэнцыя афіцыйных прадстаўнікоў азіяцкіх краінаў, перад якімі паўстала задача аб’яднаньня намаганьняў у барацьбе з эпідэміяй птушынага грыпу. У канфэрэнцыі таксама возьмуць удзел прадстаўнікі Эўразьвязу, ЗША і Ўсясьветнай арганізацыі аховы здароўя. Спэцыялісты арганізацыі лічаць, што трэба вярнуцца да досьведу, які азіяцкія краіны атрымалі ў барацьбе з атыповай пнэўманіяй. Далёка ня ўсе краіны маюць магчымасьці супрацьстаяць эпідэміі, ня маюць сродкаў на экспэртызу, абсталяваньне, а таму вымушаныя масава выразаць птушку.

Тым часам, шэраг дзяржаваў, улучна з краінамі Эўрапейскага Зьвязу, увялі эмбарга на закуп мяса птушкі з Тайлянду, але не на паўфабрыкаты. Прэм’ер-міністар Тайлянду Таксін Шынаватра, зьвяртаючыся да журналістаў, сёньня сказаў, што ня трэба раздуваць сэнсацыяў, бо гатовыя прадукты з курэй, прыгатаваныя пры тэмпэратуры 75 градусаў, як і раней, купляюцца, бо яны бясьпечныя для здароўя.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG