(Карэспандэнтка: ) “Скажыце, калі ласка, на вашую думку, што можа й павінна зрабіць Беларусь, беларускі ўрад у адказ на газавы ціск з боку Расеі?”
(Спадар: ) “Што можа зрабіць? Перазаключыць дамову ды ўсё. Я працую на заводзе. У нас усё абсталяваньне на газе працуе. Так што толькі своечасовая аплата за газ. Можна зь іншымі дзяржавамі заключыць дамову. А ня будзем плаціць, дык ня будзем і атрымліваць. Будзем сядзець, як у Расеі на Поўначы ў холадзе”.
(Спадарыня: ) “Што можа зрабіць Беларусь? Трэба было раней нешта рабіць”.
(Спадар: ) “Я сам расеец. Возьмем у арэнду Беларусь — ды ўсё”.
(Спадарыня: ) “Згублена шмат, і рабіць крокі назад вельмі цяжка. Цяпер, канечне, трэба знаходзіць нейкі кампраміс”.
(Спадар: ) “Па-першае, даўно трэба было зрабіць, каб Расея плаціла нам за транзыт таго газу, што праходзіць праз нашую тэрыторыю. Тады б мы жылі значна лепей, чым цяпер”.
(Спадарыня: ) “Я думаю, што плаціць трэба за газ, як і за ўсё. Мы ў краму ідзем, малако бярэм не задарма ж. А каб народ не бянтэжыць, хай улады дамаўляюцца, а не ў кішэню кладуць нашыя грошы, бо мы цалкам плацім за газ”.
(Спадар: ) “Што зрабіць? За газ трэба ўвесь час плаціць. Расея ж не адмаўляецца пастаўляць газ. А наш бацька хоча задарма атрымліваць газ. Яму й гэтак даюць паводле тарыфу Смаленскай вобласьці, а яму ўсё мала, усё падаецца, што яго нехта рабуе. Пуцін сказаў: “Дайце яму крэдыт. Калі ў яго грошай няма, хай нашымі грашыма аплаціць газ”.
(Спадар: ) “Насамрэч праблема надуманая. Інфармацыйныя ўдары Расея заўсёды наносіць, каб трымаць у напружаньні пэўных людзей. Але ж прыктычна разьяднаць газавыя патокі немагчыма. Адмыслоўцы ў гэтай сфэры разумеюць, што гэта праблема не ў іх кампэтэнцыі, бо павінны дамаўляцца палітыкі”.
(Спадар: ) “Я лічу, што гэта самы непрыхаваны шантаж з боку Расеі. Ёсьць іншыя формы, іншыя мэтады. У іх непрыемнасьці з нашым кіраўніцтвам, хай яны гэтым займаюцца. Але народ не павінен пакутаваць. Гэта спрадвечнае імкненьне расейцаў пашырыць сваю жыцьцёвую прастору коштам памежных дзяржаваў”.
(Спадар: ) “Не памрэм мы бяз газу. На дровы пяройдзем, вугля здабудзем”.
(Спадарыня: ) “Я думаю, што нічога, апроч таго, як пагадзіцца на прапановы Расеі”.
(Спадар: ) “Я наогул лічу, што трэба парушыць усе сувязі з Расеяй і зьвярнуцца да Захаду, таму што палітыка гэтак званага братэрства з Расеяй вядзецца толькі дзеля таго, каб карыстацца іх газам. А да Захаду трэба зьвярнуцца таму, што гэта наша будучыня. З Расеяй будучыні ў нас няма. Трэба Аляксандру Рыгоравічу зьвярнуцца да Пуціна й сказаць, што той проста хоча абрабаваць нашую краіну. Трэба парлямэнту вынесьці прапанову парушыць сувязі з Расеяй і зьвярнуцца да Захаду”.
Гэтак адказалі мінакі на менскіх вуліцах на пытаньне “Што можа й павінна зрабіць Беларусь, беларускі ўрад у адказ на газавы ціск з боку Расеі?”