Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У МЕНСК ЗЬ ВІЗЫТАМ ПРЫЯЖДЖАЕ САКРАТАР САВЕТУ БЯСЬПЕКІ РАСЕІ У.РУШАЙЛА


Алег Грузьдзіловіч, Менск

У прэсавым цэнтры Савету бясьпекі Беларусі тэматыку перамоваў з сакратаром Савету бясьпекі Расеі Ўладзімерам Рушайлам вызначылі вельмі каротка:

(Верашчак: ) “Гэта пытаньні бясьпекі Расеі й Беларусі, іх саюзнай дзяржавы”, — заявіў Радыё Свабода кіраўнік прэсавага цэнтру Сяргей Верашчак.

Аднак што стаіць за гэтымі перамовамі, чаму ўзьнікла неабходнасьць зноў дамаўляцца там, дзе паміж хаўрусьнікамі, здаецца, даўно дасягнутае стоадсоткавае паразуменьне?

Назіральнікі ўжо адзначылі тое, што візыт Уладзімера Рушайлы ў Менск адбываецца адразу пасьля пагаршэньня беларуска-расейскіх дачыненьняў — маецца на ўвазе газавы канфлікт. Вядома, што канчаткова гэты канфлікт ня вырашаны. Пакуль беларускае кіраўніцтва гатовае плаціць рынкавыя кошты за расейскі газ толькі ў студзені, а на далейшы час кантракты не падпісаныя. Нагадаю, што раней увядзеньне рынкавага прынцыпу ў газавы гандаль з Расеяй беларускае кіраўніцтва зьвязвала з пытаньнямі бясьпекі. Калі вы нам будзеце прадаваць газ па рынкавых коштах, тады і плаціце за свае ваенныя базы ў Беларусі па рынкавых коштах — гэткую пазыцыю, калі казаць каротка, агалошваў Аляксандар Лукашэнка.

“Расея праз Уладзімера Рушайлу ў Менску паспрабуе націснуць на беларусаў, каб тыя адмовіліся ад сваіх умоваў”, — лічыць вядомы беларускі экспэрт у расейска-беларускіх дачыненьнях Раман Якаўлеўскі. А пагражаць беларусам будуць пераглядам дамовы аб саюзнай дзяржаве, не выключае экспэрт.

(Якаўлеўскі: ) “Мяркуючы па ўсім, гэта пачатак сур’ёзнай карэктыроўкі дамовы аб саюзнай дзяржаве. Ня выключана, што беларусам будзе заяўлена нават пра магчымасьць дэнансацыі гэтай дамовы. Пагадзімся, што менавіта беларусы зьвязвалі рынкавыя кошты на газ з пытаньнямі сумеснай бясьпекі. Вайсковыя базы, заходні шчыт, хто каму колькі вінны і гэтак далей. Таму зьяўленьне Рушайлы цяпер у Менску тлумачыцца менавіта новымі, рынкавымі адносінамі дзьвюх саюзных дзяржаваў”.

Сакратар Савету бясьпекі Расеі сустрэнецца ў Менску ня толькі з калегамі ў сілавым блёку, а і з кіраўнікамі цывільных ведамстваў Беларусі. Гэтак, у яго заплянаваная сустрэча з сакратаром Савету бясьпекі Нявыгласам, зь міністрам унутраных справаў Навумавым, з кіраўніком памежнага камітэту Паўлоўскім, а таксама з кіраўніком адміністрацыі беларускага прэзыдэнта Латыпавым і прэм’ерам Сідорскім. Паводле аглядальнікаў, такі надзвычай шырокі дыяпазон сустрэчаў таксама сьведчыць пра незвычайнасьць місіі, якую сёньня пачынае ў Менску Ўладзімер Рушайла.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG