Лінкі ўнівэрсальнага доступу

РАСЕЙСКІ ДРУК КАМЭНТУЕ ЧАРГОВЫ РАЎНД БЕЛАРУСКА-РАСЕЙСКАГА ГАЗАВАГА КАНФЛІКТУ


Юры Дракахруст, Прага

“Коммерсант” цытуе словы аналітыка расейскай кампаніі “Тройка Диалог” Валерыя Несьцерава, паводле якога ў выніку перамоваў Аляксандра Лукашэнкі і Ўладзімера Пуціна “беларусы выгандлявалі сабе дадатковы тыдзень для перамоваў з “Газпрамам”. На думку Несьцерава, Беларусі “прасьцей аддаць “Бетрансгаз” па балянсавай цане, згубіўшы 2 млрд даляраў, чым штогод пераплочваць за газ тыя ж паўтара-два мільярды”.

Расейскія выданьні не пакінулі па-за ўвагаю заяву беларускіх уладаў пра тое, што ў выпадку спыненьня паставак Беларусь будзе адбіраць газ з транзыту, што ідзе на Захад.

“У “Газпрама” ёсьць магчымасьць пазьбегнуць фінансавых стратаў, якія ўзьнікнуць, калі Беларусь несанкцыянавана будзе адкачваць газ, які ідзе ў Польшчу і Нямеччыну. Гэта – страхаваньне экспартных рызыкаў”, – піша “Коммерсант”. У гэтым выпадку страхавыя кампаніі аплоцяць усе выдаткі і выставяць “Белтрансгазу” пазовы. Але ад фізычнага дэфіцыту паліва ў трубах “Газпрам” не ўратуе нічога – адзначае газэта. Найбольш верагоднай тактыкай Беларусі выглядае зацягваньне сытуацыі і працяг палітычнага гандлю. Расея ж павінна разьлічваць на міжнародны ціск на прэзыдэнта Лукашэнку з боку Эўразьвязу, бо расейска-беларуская газавая вайна ў першую чаргу б’е па энэргетычнай бясьпецы Эўропы – мяркуе газэта “Коммерсант”.

Выданьне “Ведомости” прыводзіць меркаваньне на гэты конт прэзыдэнта Расейскага газавага саюзу Сяргея Чыжова. Ён мяркуе, што ў лютым Беларусь стане перад выбарам : купляць газ па 50 даляраў за тысячу кубамэтраў ці пайсьці на несанкцыянаваны адбор транзытнага газавага патоку. Расея будзе фіксаваць доўг і рабіць палітычны ціск на Менск. “Газпрам” будзе страхаваць пастаўкі ў Польшчу і Нямеччыну ў заходніх страхаўшчыкоў, а Пуцін публічна ў рэзкіх выразах будзе адстойваць інтарэсы дзяржавы – прагназуе прэзыдэнт Расейскага газавага саюзу Сяргей Чыжоў.

Ужо прыгаданы “Коммерсант” закранае ў сваім сёньняшнім нумары і яшчэ адну вострую праблему ў беларуска-расейскіх адносінах. Газэта паведамляе, што сёньня Дзяржаўны мытны камітэт Расеі разглядае скаргу Асацыяцыі расейскіх міжнародных аўтаперавозчыкаў на дзеяньні беларускіх мытнікаў. Паводле перавозчыкаў, беларуская мытня беспадстаўна канфіскуе вялікую колькасьць грузаў.

Асацыяцыя расейскіх перавозчыкаў пагражае ініцыяваць працэдуру прыпыненьня на тэрыторыі Беларусі мытнай канвэнцыі па міжнародных перавозках. Калі гэта будзе зьдзейсьнена, краіна можа пазбавіцца права спаганяць сродкі за транзыт праз сваю тэрыторыю, што прывядзе да стратаў ў паўмільярду даляраў за год – піша “Коммерсант”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG