Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗНОЎ СУДОВЫЯ ШТРАФЫ ЗА ПІКЕТ

Любоў Лунёва, Менск

Судзьдзя Натальля Вайцяховіч пакарала Рамана Казакевіча паводле артыкулу 167 (парушэньні падчас правядзеньня масавых вулічных мерапрыемстваў). Нагадаем, 23 студзеня каля дзясятка сяброў моладзевага руху “Зубр” ладзілі пікет насупраць будынку рэспубліканскай пракуратуры. Яны трымалі партрэты зьніклых палітыкаў і журналіста Зьмітра Завадзкага, а таксама плякат “Лукашэнка, Шэйман, Сівакоў! Час адказваць!” Амаль усіх затрымалі міліцыянты. На разгляд суду накіравалі толькі справу Рамана Казакевіча, а ў камісію ў справах непаўнагадовых — Юліі Бандарэнкі. Менавіта яны трымалі плякат.

Раман Казакевіч вучыца ў Пэдагагічным унівэрсытэце і самастойна грошай пакуль не зарабляе. Ён лічыць, што насамрэч штрафам пакаралі ягоных бацькоў:

(Казакевіч: ) “Насамрэч пакаралі не мяне, а маіх бацькоў. У іх няма такіх грошай. Але гэта мяне не напалохала. Я і надалей буду ўдзельнічаць у мерапрыемствах да тае пары, пакуль улады не выканаюць нашых патрабаваньняў — гэта адстаўка генэральнага пракурора Шэймана. Улады не жадаюць весьці расьсьледаваньне наконт зьніклых палітыкаў. Мы патрабуем, каб гэтая тэма набыла новае гучаньне”.

Зьміцер Бандарэнка зьвярнуўся ў судмэдэкспэртызу, каб зафіксаваць пабоі на твары дачкі. Высьветлілася, што прэсавы сакратар руху “Зубр” Аляксандар Атрошчанкаў падчас разгону пікету здымаў усе падзеі відэакамэрай. Адзін зь міліцыянтаў хацеў ударыць па камэры, а трапіў па твары непаўнагадовай Юліі. Зьміцер Бандарэнка мае намер зьвярнуцца ў пракуратуру, каб прыцягнуць вінаватых да адказнасьці.

(Бандарэнка: ) “Я зайшоў у кабінэт і ўбачыў, што ў маёй дачкі пабітыя вусны. Безумоўна, я абурыўся і спытаўся ў яе: “Гэта тут зрабілі?” Яна адказала: “Не, пры затрыманьні”. У той жа дзень я напісаў скаргу на імя начальніка Цэнтральнага РУУС, а сёньня мы зьвярнуліся ў судова-мэдычную экспэртызу. Там зафіксавалі, што і па сёньняшні дзень ёсьць на вуснах драпіны. Я буду зьвяртацца ў пракуратуру. Нікому не дазволена зьбіваць людзей”.

Уначы 26 студзеня сябры руху “Зубр” правялі яшчэ адну акцыю. Яны ўсталявалі на дахах дамоў на вуліцы Жукоўскага два сьцягі Эўразьвязу. Яны паведамілі Радыё Свабода, што і надалей будуць усталёўваць сьцягі, каб выказаць такім чынам сваю пазыцыю адносна далучэньня Беларусі да Эўразьвязу і адмовы ад палітыкі аб’яднаньня з Расеяй.
XS
SM
MD
LG