Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ШТО ДУМАЮЦЬ ГАМЕЛЬЧУКІ ПРА НАМЕР РАСЕІ СПЫНІЦЬ ПАДАЧУ ГАЗУ?

Казімер Яноўскі, Гомель

(Спадар: ) “Эканамічныя адносіны паміж нашымі краінамі вельмі складаныя. Няма адносінаў, няма і газу”.

(Спадарыня: ) “Чула, што спыняе Расея падачу газу — і засмуцілася. Адносіны, магчыма, урэшце наладзяцца. Ня можа Расея падвесьці так Беларусь”.

(Спадар: ) “Калі нашы ня плацяць, дык яны адключаць — і ўсё”.

(Спадар: ) “Гэта ж падступна! А як я пліту ўключу, на чым ежу буду гатаваць? Чубайс ці Мілер, Мюлер, Хадаркоўскі ці шмаркоўскі — яны ж ніколькі ня лічацца зь людзьмі. Для іх людзі гэта казяўкі. У мяне цяпер у кватэры 15–17 градусаў, болей ня бывае”.

(Спадарыня: ) “Канец жыцьця! А як жа бяз газу? А дзеткі малыя? Я ня ўяўляю, што мы будзем рабіць”.

(Спадар: ) “Гэта пытаньне палітыкі. А палітыкі паміж сабою б’юцца. Паны б’юцца, а ў мужыкоў чубы трашчаць”.

(Спадар: ) “Я гэта ня веру. У нас запасы газу ёсьць. Да вясны хопіць. Лукашэнка ўсё да гэтага падрыхтаваў”.

(Спадар: ) “Думаю, што яны будуць прадаваць па ўсясьветных цэнах газ і ўсё паліва. Правіцелі павінны былі дамовіцца. За транзыт трэба браць грошы, як Украіна, па ўсясьветных цэнах”.

(Спадарыня: ) “Такой думкі я нават не дапускала. Гэта жах! Канечне, жах”.

(Спадарыня: ) “Няправільна! Можна было дамовіцца, а не адразу перакрываць газ”.

(Спадарыня: ) “Канец усяму! Канец жыцьцю! Напэўна, трэба дабавіць плату за газ. Ня ведаю, што рабіць, але штосьці рабіць трэба”.

(Спадарыня: ) “Паколькі празь Беларусь пампуюць газ на Захад, то трэба, каб быў разьлік такі, каб нам давалі газ”.

(Спадарыня: ) “Як мы ставімся? Мы ж плацім за газ і хочам, каб ён быў у людзей”.

(Спадарыня: ) “Трэба дамаўляцца спачатку. На вышэйшым узроўні! А мы ня можам бяз газу”

(Спадарыня: ) “Я лічу, што трэба дамаўляцца на ўзроўні кіраўніцтва краіны. І трэба плаціць! А як жа?! За ўсё трэба плаціць. Нам павінны плаціць, і мы павінны плаціць. Калі Расея нам штосьці вінна, няхай плаціць. Калі мы вінны, нам трэба плаціць”.

Гэткія меркаваньні шараговых гамельчукоў пра намер Расеі спыніць сёньня апоўначы падачу газу ў Беларусь.
XS
SM
MD
LG