Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У АДНЫМ З ДАМОЎ АДПАЧЫНКУ ПАД МЕНСКАМ ПАЧАЎ ПРАЦУ ФОРУМ ПРАВААБАРОНЦАЎ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Арганізатарамі форуму праваабаронцаў выступілі цэнтар “Вясна”, Гельсынскі камітэт, Прававая дапамога насельніцтву, Беларуская асацыяцыя журналістаў, ТБМ ды іншыя грамадзкія арганізацыі. У ім удзельнічаюць 112 чалавек зь Беларусі, 45 праваабаронцаў з Францыі, Галяндыі, Швэцыі, Чэхіі, Польшчы, Літвы, Украіны, Малдовы й Расеі, прадстаўнікі міжнародных праваабарончых арганізацыяў і дыпляматычнага корпусу. Кіраўнік цэнтру “Вясна” Алесь Бяляцкі так патлумачыў мэты форуму:

(Бяляцкі: ) “Мэта — абмеркаваць сытуацыю з правамі чалавека на сёньняшні дзень. Гэта першы такі праваабарончы форум у Беларусі, на якім мы хочам абмеркаваць сытуацыю і паспрабаваць вырашыць, што ж нам рабіць далей”.

Кіраўнік цэнтру “Вясна” лічыць сытуацыю ў галіне правоў чалавека ў Беларусі вельмі складанай. Улады ліквідоўваюць грамадзкія арганізацыі, ціснуць на недзяржаўныя СМІ і г.д. Таму ўдзельнікі форуму зьбіраюцца выпрацаваць рэкамэндацыі для праваабаронцаў, міжнароднай супольнасьці й уладаў, якія чынам нармалізаваць адносіны паміж дзяржавай і грамадзянскай супольнасьцю.

Старшыня БХК Тацяна Процька лічыць, што ў цяперашніх умовах праваабаронцам патрэбная кансалідацыя:

(Процька: ) “Праваабаронцы ў нашай краіне сёньня зазнаюць вялікі ціск. Нас — фактычна як у савецкі час — робяць ворагамі народу, дысыдэнтамі. Таму мы будзем вырашаць пытаньне аб’яднаньня, узаемнай дапамогі й абароны. Ніводная краіна, што не захоўвае правоў чалавека, ня мае ў новым чалавецтве права на існаваньне”.

Фактычна такія ж думкі выказаў у сваёй прамове вядомы расейскі праваабаронца Сяргей Кавалёў. А вось як ацаніў адносіны беларускіх уладаў з грамадзянскай супольнасьцю прадстаўнік Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека Філіп Кальфаян:

(Кальфаян: ) “Шчыра кажучы, тры гады таму мы нават не падазравалі, што тэндэнцыя нарастаньня рэпрэсіяў у Беларусі будзе такая моцная. Аляксандар Лукашэнка так лёгка выйграў другія выбары. І замест каб выкарыстаць гэты момант для палітычнай стабілізацыі ў краіне, прэзыдэнцкая адміністрацыя толькі ўзмацніла ціск і спрабуе канчаткова зьнішчыць грамадзянскую супольнасьць”.

Прадстаўнікі міжнароднх правабарончых арганізацыяў выказвалі сваю салідарнасьць зь беларускімі калегамі. А супрацоўніца міжнароднага сакратарыяту “Amnesty International” Наталі Ласэкут сказала, што яе арганізацыя цяпер робіць усё, каб Камітэт у справе правоў чалавека ААН прыняў сёлета, як і летась, рэзалюцыю з нагоды парушэньня ў Беларусі правоў чалавека. Спадарыня Ласэкут спадзяецца, што гэта рэзалюцыя падштурхне беларускія ўлады да нармалізацыі сытуацыі ў галіне правоў чалавека.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG