Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЕНСК НАВЕДАЎ ПРАВААБАРОНЦА СЯРГЕЙ КАВАЛЁЎ

Алег Грузьдзіловіч, Менск

Былы дэпутат расейскай Дзярждумы Сяргей Кавалёў прыехаў у Менск на праваабарончы форум як прыватная асоба, хаця ён пэўны час яшчэ застанецца кіраўніком адмысловай камісіі ПАРЭ ў справах палітычных зьнікненьняў у Беларусі. Сяргей Кавалёў нагадаў журналістам, што гэта беларускія ўлады адмовіліся прымаць яго ў Беларусі ў якасьці кіраўніка камісіі, і таму ён мусіць выступаць толькі як прыватная асоба.

Сяргей Кавалёў паведаміў, што склаў сьпіс пытаньняў да прадстаўнікоў беларускіх уладаў адносна справаў зьніклых, і ў тым ліку гэтымі пытаньнямі кіраваўся адмысловы дакладчык ПАРЭ Хрыстас Пургурыдэс падчас свайго візыту ў Менск восеньню мінулага году. З высновамі мэмарандуму Хрыстаса Пургурыдэса Сяргей Кавалёў цалкам згодны. Гэтак ён адказаў на маё пытаньне, ці лічыць ён, што беларускія ўлады датычныя да зьнікненьняў Захаранкі, Ганчара, Красоўскага і Завадзкага:

(Кавалёў: ) “Тое, што беларускія ўлады да гэтага датычныя, — відавочна, прычым датычныя ў вялікай ступені”.

Пры гэтым Сяргей Кавалёў заўважыў, што немагчыма разьдзяліць беларускія ўлады і Аляксандра Лукашэнку, хаця наўпрост не абвінаваціў кіраўніка беларускай дзяржавы ў зьнішчэньні апанэнтаў. Аднак праваабаронца заклікаў зьвярнуць увагу на палітычныя наступствы зьнікненьняў лідэраў апазыцыі ў Беларусі. Дзеля гэтага ён параўнаў зьнікненьні з выбухамі дамоў у Маскве і Валгадонску напярэдадні другой чачэнскай вайны.

(Кавалёў: ) “Выбухі маскоўскіх дамоў — гэта просты электаральны фактар, магчыма, самы моцны. Яны прывялі да таго, што расейскае грамадзтва вітала другую чачэнскую вайну, якала спрычынілася да абраньня прэзыдэнтам Расеі Ўладзімера Пуціна. Прыкладна тое самае і ў Беларусі. Забіў Ганчара і Захаранку Аляксандар Лукашэнка ці не Аляксандар Лукашэнка — але карысьць ад гэтага была Лукашэнку. Праўда?”

Ці справядліва гэтак жорстка фармуляваць падазрэньні да абраных кіраўнікоў? Праваабаронца Сяргей Кавалёў мяркуе, што гэта ня толькі права, але і абавязак разьвітага грамадзтва — падазраваць улады і патрабаваць справаздачы. Паводле Сяргей Кавалёва, улада мусіць вітаць такую падазронасьць людзей, бо пры разьвітым грамадзтве дэмакратычнай уладзе лягчэй выконваць свае кіраўнічыя функцыі.

(Кавалёў: ) “І ва ўлады ёсьць толькі адна магчымасьць зьняць гэтыя падазрэньні — гэта поўная адкрытасьць расьсьледаваньня. Вы нас падазраяце ў гэтым і гэтым, а вось вам дакумэнты, вось што мы рабілі, каб знайсьці выкрадальнікаў і забойцаў. Ці як у расейскім варыянце — арганізатараў выбухаў. Вось генэрал Лапацік наўпрост абвінавачвае Віктара Шэймана ў выкраданьнях — вось вам допыт Віктара Шэймана. Але чаму яго дагэтуль не дапыталі? Чаму ўвогуле пасьля гэтых абвінавачаньняў ён стаў генэральным пракурорам і цяперз сам жа кіруе расьсьледаваньнем? Чаму зьнялі з пасадаў былога генэральнага пракурора Бажэлку, старшыню КГБ Мацкевіча? Чым патлумачыць гэтыя кадравыя зьмены?” — пытаецца Сяргей Кавалёў.

Праваабаронца плянаваў асабіста атрымаць адказы на падобныя пытаньні, але яму не далі такой магчымасьці. Паводле яго, не былі шчырыя прадстаўнікі ўладаў Беларусі і з намесьнікам Кавалёва ў камісіі ПАРЭ спадаром Пургурыдэсам, і таму падставы падазраваць беларускія ўлады ў датычнасьці да зьнікненьняў павялічыліся.

(Кавалёў: ) “Калі ўлады хаваюць канцы ў ваду — значыць, ёсьць што хаваць”.
XS
SM
MD
LG